У двух сталічных раёнах дагэтуль нельга піць ваду з крану


Ужо другія содні жыхары Маскоўскага і Фрунзенскага раёнаў Менску вымушаныя стаяць у чэргах па пітную ваду, бо водаправодная не прыдатная для ўжывання. Афіцыйная інфармацыя пра небяспеку зʼявілася толькі напярэдадні ўвечары, але што ж стала прычынай, чыноўнікі не паведамілі дагэтуль.

Віталь жыве ў мікрараёне Каменная горка. Пра праблему з вадою даведаўся са сродкаў масавай інфармацыі, калі быў на працы. Увечары сам адчуў смурод з водаправоду і сверб пасля мыцця рук. Раніцай сітуацыя была тая ж.

«Зраніцы зліваў хвілінаў 20–30, нічога не дапамагала. Цяпер зліў халодную ваду. Падаецца, нармальная, звычайны пах з адценнем хлёркі, як і быў заўжды тут. Але гарачая вада застаецца з пахам», – распавядае Віталь.

Пах аміяку ў вадзе адчуў і Вадзім Кручкоў, жыхар Сухарава. Ён неадкладна зрабіў бытавую праверку вады з дапамогаю тэстаў для акварыумаў. Наяўнасць шкоднага рэчыва выявілася адразу ж – у канцэнтрацыі ад 1.0 да 3.0 міліграмаў на літар пры дапушчальных 2.0. Сёння пасля зліву вады паказнікі сталі лепшыя.

«Учарашняя вада, што была ў водаправодзе, цёмна-зялёная. Сённяшняя, падаецца, больш зялёная, чым артэзіянская, але канцэнтрацыя – да 0.20 міліграмаў. Вашыя рыбкі дакладна выжывуць у той вадзе, што сёння выйшла пасля 15 хвілінаў зліцця», – дэманструе вынікі Вадзім Кручкоў.

Што дакладна адбылося з вадой? Афіцыйных паведамленняў пра аварыі няма. Але якасць вады пагоршылася паводле пэўных паказнікаў, і ўжываць яе не рэкамендуецца, пра што сёння заявіла намесніца міністра аховы здароўя Наталля Жукава на прэс-брыфінгу «БелТА».

«Учора мы вызначылі, што вада не адпавядае паводле паху і яшчэ шэрагу паказнікаў, якія характарызуюць перманганатную акісляльнасць. Таму адразу было прынятае рашэнне галоўным санітарным доктарам гораду Менску аб забароне выкарыстання гэтай вады для піцця», – зазначыла намесніца міністра аховы здароўя Наталля Жукава.

Агулам без пітной вады ў сталіцы засталіся амаль 800 тысячаў чалавек. Прычым абвесткі аб непрыдатнасці вадкасці з водаправоду на пад’ездах жылых дамоў з’явіліся толькі сёння. Пітную ваду падвозілі цыстэрнамі, чэргі ля якіх стаялі і ўначы. Дапамагалі з вадой і жыхары іншых сталічных раёнаў, самаарганізуючыся праз сацыяльныя сеткі.

«Вунь, глядзіце, вада».

«А можна ўзяць?»

«Бярыце!»

Паводле прадстаўніцы Міністэрства аховы здароўя, паказнікі якасці вады ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах паступова нармалізуюцца. Аднак даследаванні працягваюцца. Пакуль жа чыноўнікі рэкамендуюць і надалей устрымацца ад ужывання водаправоднай вады ў гэтых раёнах. Як зазначыў галоўны доктар гарадской станцыі хуткай дапамогі Аляксандр Жынко, па дапамогу пасля ўжывання вады з крану звярнуліся 15 чалавек, чацвёра былі шпіталізаваныя, але небяспекі іхнаму здароўю цяпер няма.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»