Аб'ектыў 23.05.2019 У Чыжа забралі «Дынама» – за 20 гадоў бізнесовец уклаў у клуб каля $ 65 млн


Для заўзятараў менскага «Дынама» месяц травень стаў ужо знакавым. За апошнія 20 гадоў, пакуль футбольным клубам валодаў бізнесовец Юрый Чыж, у гэтым месяцы з каманды звольнілі траціну ўсіх трэнераў – 10 чалавек. Аднак цяпер – іронія лёсу – у траўні, можна сказаць, звальняюць самога Чыжа.

Летась у жніўні Юрый Чыж атрымаў ліст з Менгарвыканкаму з патрабаваннем бясплатна аддаць «Дынама» гарадскім уладам. Паводле медыяў, Чыж прасіў за клуб прынамсі 500 тысяч долараў. Чыноўнікі звярнуліся ў суд, які ў выніку за тры гадзіны прызнаў незаконным выпуск акцыяў клубу 20 гадоў таму. Як стала вядома «Белсату», пакуль бізнесовец гэтага рашэння абскарджваць не збіраецца, а значыць «Дынама» пяройдзе ва ўласнасць Менгарвыканкаму.

Аляксей Важнік, медыяменеджар НФК:

«Спорт у Беларусі проста цягне грошы, на жаль. У нас няма вялікіх грошай, клубы не атрымліваюць грошы ад тэлеправоў. Клубы не зарабляюць на заўзятарах, таму што заўзятараў ходзіць рэальна няшмат. І я не ўпэўнены, што які-небудзь інвестар проста возьме… Можа толькі ад вялікай любові да футболу, як на прыкладзе берасцейскага «Дынама».

Паводле выдання «Прессбол», за 20 гадоў кіравання Юрый Чыж уклаў у клуб каля 65 мільёнаў долараў. Аднак вынік вялікага ўражання не робіць: адно чэмпіёнства і адна перамога ў Кубку краіны.

Андрэй Маслоўскі, Tribuna.com:

«Той час, які Чыж правёў у «Дынама», 20 гадоў, – гэта вельмі супярэчлівы час. Бо, з аднаго боку, гэта выратаванне клубу і добры бюджэт, добрыя гульцы, перыядамі каманда сапраўды глядзелася добра і была моцнай. Але з другога боку стаяць ягоныя непапулярныя рашэнні са звальненнем каля 30 трэнераў за 20 гадоў».

Важнаю падзеяй у «чыжоўскі» перыяд «Дынама» была леташняя параза ў плэй-оф Лігі Еўропы ад пецярбургскага «Зеніту» з лікам 1:8. І гэта пасля дамашняй перамогі з лікам 4:0. Тады шмат у каго ўзніклі падазрэнні ў не вельмі сумленнай гульні дынамаўцаў. А Юрыя Чыжа пасля таго матчу на футболе больш не бачылі.

«Ён быў адным з самых уплывовых людзей у Доме футболу. Уваходзіў у выканкам, меў сваё меркаванне. Яны разам з Анатолем Капскім маглі нават прасунуць нейкае рашэнне аб чэмпіянаце, аб легіянерах. У прыватнасці, Юрый Саныч выступаў за тое, каб легіянераў было больш, і ў пэўны момант менавіта колькасць легіянераў стала павялічвацца», – кажа Андрэй Маслоўскі, Tribuna.com

Уплывовым гульцом Юрый Чыж быў не толькі на футбольным полі – усю краіну абляцелі кадры, як ён касіў траву ды збіраў кавуны на лецішчы ў Лукашэнкі. Аднак у 2016 годзе Чыж трапіў за краты па падазрэнні ў нясплаце падаткаў у буйным памеры. Сённяшняя сітуацыя выглядае як фінал публічнай расправы над былым паплечнікам, кажуць нашыя калегі, што сачылі за судом.

Аляксей Важнік, медыяменеджар НФК:

«Нават Чыж, як бы ён там ні кіраваў, але ўсё роўна чалавек укладваў свае грошы, а па сутнасці ў яго проста цяпер забралі яго актыў. І няма гарантыі, што гэта не адбудзецца з кім-небудзь яшчэ».

Зрэшты, 20 гадоў таму Чыж сам атрымаў «Дынама» пасля таго, як клуб практычна рэйдарскім метадам адабралі ў іншага бізнесоўца Андрэя Хвастовіча, які цяпер жыве ў ЗША.

Пасля ж таго, як «Дынама» забралі ў Чыжа, узнікае пытанне: ці захочуць айчынныя або замежныя інвестары ўкладаць грошы не толькі ў наш футбол, але і ў эканоміку?

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары