У чаргу па Томас цяпер стаяць Малдова і Беларусь


Для Беларускай праваслаўнай царквы аўтакефалія – гэта смерць. Гэтак лічыць мітрапаліт Павел. Кіраўнік Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату пракаментаваў падпісанне Томасу – дэкрэту аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Украіны. Сёння ж яго падпісаў Усяленскі патрыярх Варфаламей.

Пакуль нашыя суседзі рыхтуюцца да канчатковага этапу ўтварэння незалежнай царквы, кіраўнік БПЦ заяўляе, што ў Беларусі сёння імкнення да аўтакефаліі няма.

«Цалкам шчыра і адкрыта трэба сказаць: калі для Украіны гэта страшная трагедыя, спроба навязаць аўтакефалію, то калі гэта будзе адбывацца ў Беларусі, то для Беларускай праваслаўнай царквы гэта будзе смерць. Гэта асуджэнне Беларускай праваслаўнай царквы на знішчэнне. Дзякуй Богу, што сёння епіскапат Беларускай царквы і святары, і практычна ўсе вернікі пра гэта не думаюць», – заявіў мітрапаліт Павел.

Падумалі пра гэта і здзейснілі памкненне да самастойнасці ўкраінскія вернікі, іерархі ды палітыкі. Сёння Усяленскі патрыярх падпісаў пастанову аб аўтакефаліі для Украіны. І ўжо заўтра Варфаламей уручыць Томас зверхніку аб‘яднанай украінскай царквы – мітрапаліту Кіеўскаму Епіфанію.

«Гэтая падзея вельмі важная для Беларусі. Бо Беларусь, як і Малдова, стаіць у чарзе на атрыманне Томасу для сваёй аўтакефаліі», – кажа протаіерэй Леанід Акаловіч з Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Сур’ёзныя падставы на гэта ёсць. Да таго, як царква на беларускіх землях увайшла ў Маскоўскі патрыярхат, яна ж падпарадкоўвалася старажытнай Кіеўскай мітраполіі.

«Кіеўскі патрыярхат цяпер уваходзіць у Канстанцінопальскі, у Сусветны. То бок, гэта заблытаная схема, і тэарэтычна пры змене ўлады ў Беларусі, можа быць, пытанне стала б вострым – як ва Украіне», – кажа тэолаг Юлія Нагорнава.

Паводле праваслаўных канонаў, царкоўнае аддзяленне мусіць усё ж адпавядаць дзяржаўнаму. Але – Канстанцінопаль сам па сабе навязаць самастойнасці не можа.

«Калі выдзелілася нейкая дзяржава, то павінна выдзеліцца і царква», – дадае гісторык Анатоль Сідарэвіч.

Каб адстаяць царкоўную незалежнасць, Украіна мусіла вызваліцца спачатку ад палітычнай апекі Расеі.

Ганна Мордань/«Белсат», фота – president.gov.ua