Павел Севярынец быў затрыманы ў гэтым двары – на падыходзе да свайго дому – 7 чэрвеня мінулага года. І ўжо больш за сем месяцаў сям’я чакае ягонага вяртання.
Днямі ў Севярынцаў мелася быць сямейнае свята: 7 гадоў шлюбу. Але чарговую гадавіну Вольга сустракала з двухгадовым Францішкам. Павел даслаў жонцы ды сыну падарунак з турмы – маляваны сямейны партрэт.
«Францішак, ты згадваеш тату? А як ты молішся за тату? Францішак згадвае тату і штодня робіць гэта ўсё больш настойліва. Калі раней ён проста казаў: «Мама, дзе тата?» То зараз ён кажа: «Мама, дзе тата?!» Кшталту, у рэшце-рэшт, дзе ён. Ты кажаш, што ён вернецца, то чаму яго так доўга няма?», – дзеліцца ўражаннямі Вольга – жонка Паўла Севярынца.
Паўла Севярынца затрымалі пасля пікету, на якім збіралі подпісы за рэгістрацыю кандыдатаў на прэзідэнта, зняволенне адбываў за ранейшыя антырасейскія пратэсты. Але і пасля заканчэння адміністратыўнага арышту палітыка на свабоду ня выпусцілі.
«Мы яго вельмі чакалі ў жніўні, рыхтаваліся. Матуля ягоная прыехала, тут ужо сталы накрывалі. І вось за дзень да вызвалення патэлефанаваў следчы і паведаміў, што ён яшчэ застаецца», – працягвае Вольга.
Паўла пакінулі за кратамі, звінаваціўшы ва ўдзеле ў масавых закалотах. Паводле 293-га крымінальнага артыкулу, палітыку пагражае да 8-мі гадоў турмы. У спатканнях жонцы ды маці адмаўляюць: застаецца толькі ліставанне.
«Ужо прыйшло трыццаць лістоў. Але за той час, калі Павел быў на Акрэсціна, лістоў не было ніводнага, хоць я пісала, і тэлеграмы адпраўляла, і нават акцыю праводзілі «Напішы ліст палітвязню», – абураецца Таццяна Севярынец, мама Паўла Севярынца.
Павел Севярынец – колішні маладафронтавец, сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», хрысціянскі вернік, абаронца Курапатаў. За гады грамадска-палітычнай дзейнасці адбыў дзясяткі содняў арышту і гады гэтак званай хіміі. І гэтая ахвяра не прайшла надарэмна, перакананая мама палітыка.
«Дзякуй Богу, адбываецца тое, пра што Паша і мы з ім разам марылі: абуджэнне людзей, абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці, абуджэнне ўласнай годнасці людзей», – працягвае спадарыня Таццяна.
«Пакуль ён сядзеў, выйшаў «Беларусалім» – працяг ягонага раману, мы выдалі кнігу пра Алеся Чаркашына, пакуль ён быў на Акрэсціна, з дапамогаю сяброў выдалі кнігу «Каменнае сэрца».
Пакуль Павел у няволі, Вольга сама занялася выданнем ягоных кніг. А іх распаўсюд праз інтэрнэт-краму Севярынцаў надае сілаў у чаканні.
«Людзі ідуць, як на споведзь, і для мяне гэта абсалютна новая рэальнасць: яны просіць прабачэння, што Павел быў адзін з нешматлікіх, што яны, нібыта, не заўважалі гвалту. Што мы з вамі і зробім усё, што патрэбна. Павага да яго ўзрасла», – узгадвае Вольга Севярынец.
Праваабарончая супольнасць прызнала Паўла Севярынца палітычным вязнем. А сям’я працягвае чакаць яго ўдома.
Галіна Абакунчык, «Белсат»