У беларускіх прадпрыемстваў-гігантаў з'явяцца апекуны


Новыя вышыні старымі метадамі. Каб індустрыйныя гіганты Беларусі не танулі ў пазыках, іх эфектыўнасць будуць падцягваць міністры ды намеснікі. Такі спосаб тэрмінова вырасціць вялізны валавы ўнутраны прадукт прапаноўвае ўрад. Хто над чым возьме шэфства і ці дапаможа гэта з балота выцягнуць заводы, высвятляў Аляксандр Папко.

Разагнаць рост валавога ўнутранага прадукту да 4-ох адсоткаў за год пры дапамозе сотні вялікіх прадпрыемстваў – такую ідэю агучыў віцэ-прэм‘ер Аляксандр Турчын:

«Мы ўнеслі ў Адміністрацыю прэзідэнта праект указу адносна шэрагу прадпрыемстваў, назіральныя рады якіх павінныя ўзначаліць найвышэйшыя службовыя асобы, плюс топ-100 акцыянерных таварыстваў нашай краіны, дзе мы выбудуем нармальную эфектыўную сістэму карпаратыўнага кіравання».

Над якімі прадпрыемствамі шэфства возьмуць першыя асобы краіны? Распавядае старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб:

«Гаворка можа ісці аб прадпрыемствах дрэваапрацоўкі, як ні дзіўна, пра нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы, якія ў мінулым годзе пачалі прыносіць страты. Гаворка можа ісці аб прадпрыемствах цэлюлозна-папяровай прамысловасці, цэментнай прамысловасці».

Спіс валаўтваральных прадпрыемстваў, пастаўленых пад «асаблівы кантроль ураду», існуе ўжо паўтара дзесяцігоддзя. У ім – каля сотні заводаў, якія ў найлепшыя гады выраблялі больш за палову валавога прадукту краіны. Нядаўна гэтым гігантам падпарадкавалі 800 меншых прадпрыемстваў, стварыўшы 102 холдынгі. Што дасць яшчэ адно шэфства?

«Вынікі будуць простыя: будуць ездзіць, будуць біць у барабаны, будуць рабіць справаздачы. Будуць інфаркты, да інфарктаў дададуцца інсульты, але ўсё застанецца па-ранейшаму», – кажа эканаміст Леанід Заіка.

Раней улады разганялі эканоміку, напампоўваючы флагманы машынабудавання, будаўніцтва, а таксама калгасы ільготнымі крэдытамі. У выніку раскруцілі інфляцыю ды атрымалі фінансавы крызіс, пасля якога сродкаў на крэдыты ўжо не засталося.

«Для эфектыўнасці дзяржпрадпрыемстваў неабходна пагрузіць іх у рынкавае асяроддзе: даць працаваць таму, што працаваць можа, даць памерці таму, што нежыццяздольнае», – гаворыць Вадзім Іосуб.

У апытаных намі жыхароў Гомля ідэя даручыць шэфства над заводамі міністрам энтузіязму не выклікала.

«Зноў Лукашэнка возьме ўсё пад сябе – і ўсё!»

«Не ведаю! Наўрад ці яны будуць лепш працаваць. Хачу сказаць, што калі б у іх быў заробак, як у рабочых, яны б лепш варушыліся!»

«Людзей трэба стымуляваць, умовы ім ствараць, зацікаўліваць нечым – або заробкам, або ільготамі», – мяркуюць жыхары Гомля.

Пакуль урад спадзяецца, што прадпрыемствам дапаможа шэфства добрых цімураўцаў-міністраў, сярэдні заробак упаў ніжэй за ўзятую планку тысяча (1000) рублёў. У студзені сярэдні беларус зарабіў 981 рубель, гэта 459 долараў.

Аляксандр Папко, belsat.eu