У беларускай сталіцы з’явіцца свой «Гайд-парк»

У Беларусі ўводзіцца ў дзеянне абноўлены закон «Аб масавых мерапрыемствах».

Цяпер, каб правесці акцыю, трэба проста паведаміць пра гэта ў адпаведныя органы. Паведамляльны прынцып, аднак, датычыць толькі вызначаных уладамі пляцовак.

Менск пераймае еўрапейскія традыцыі: ужо ў хуткім часе ў беларускай сталіцы з’явіцца свой «Гайд-парк» – традыцыйнае месца палітычных баталіяў у Лондане. Цяпер парк Дружбы народаў каля плошчы Бангалор – тэрыторыя, якая паводле абноўленага заканадаўства «Аб масавых мерапрыемствах» можа стаць сталаю пляцоўкаю для мітынгаў, сходаў і пікетаў.

«Ён скіраваны не на тое, каб павялічыць колькасць удзельнікаў акцыяў. Ён мае іншыя мэты – гэта гульня з Захадам», – упэўнены Мікола Статкевіч, апазіцыйны палітык.

Спіс зменаў у закон апублікаваў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал. Згодна з новаўвядзеннямі, цяпер для таго, каб правесці акцыю ў вызначаным месцы, не абавязкова атрымліваць дазволу зверху. Дастаткова паведаміць уладам пра свае намеры за 10 дзён да правядзення. Адказ жа мусяць даць не пазней, чымся за 5 дзён да падзеі. Адмовіць пры гэтым могуць толькі ў двух выпадках: калі нехта іншы ўжо падаў заяўку на той жа час і месца або калі заяўка не адпавядае заканадаўству.

«Але яны могуць адмовіць і па гэтых прычынах. Толькі прычынаў стала больш. Таму лібералізацыі я тут не ўбачыў, убачыў толькі пазбаўленне правоў», – кажа Статкевіч.

Уводзяцца і іншыя змены. Напрыклад, заяўкі ня могуць падаваць асобы, якія маюць непагашаную ці нязнятую судзімасць. Акрамя гэтага, павышаецца адказнасць палітычных партыяў. Калі вы збіраецеся мітынгаваць, вам спатрэбіцца падпісаць абавязковую дамову з медыкамі, міліцыяй ды камунальнікамі, а аплату за паслугі цяпер будуць уносіць постфактум. Падаваць інфармацыю ў медыі пра час і месца правядзення акцыі загадзя забаронена.

«Уведамляльны характар правядзення масавых мерапрыемстваў датычыць толькі некаторых іх відаў: мітынгаў, сходаў, пікетаў. То бок мерапрыемстваў статычных. Такія віды масавых мерапрыемстваў, як шэсце і мітынгі, будуць рэгулявацца, як і раней», – кажа Валянцін Стэфановіч, праваабаронца.

А таму калі вы захочаце пратэставаць, скажам, на Кастрычніцкай плошчы, і яе не будзе ў спісе дазволеных месцаў для пікетавання, звяртацца па дазвол давядзецца ўсё адно.

«Калі вы пікетуеце, напрыклад, Менгарвыканкам па прычыне ўпарадкавання Вайсковых могілак, якое ў нас цяпер адбываюцца і шмат каго закранула, то гэта мае сэнс рабіць непасрэдна каля выканкаму, а не на плошчы Бангалор», – дадае Стэфановіч.

Ці стане ў сувязі са зменамі больш правоў у беларусаў, каб адкрыта выказваць свае думкі, мы запыталіся ў жыхароў Менску.

Жыхары Менску:

«Пастка для людзей. Каб яны збіраліся, а потым іх затрымліваць. Мабыць, так. Таму лічу, што нічога добрага не будзе».

«Сумняваюся я, што гэта будзе. Бо нашыя ўлады баяцца народу».

«Усе залежыць ад лідараў, напэўна. Хто куды павядзе, і куды потым гэты натоўп паверне».

«Мы і так жывем у вольнай краіне».

І будзе яшчэ больш вольнай, лічаць улады. Пры гэтым абноўлены закон ужо часткова набыў моц, частка паправак уступяць у сілу ўжо праз паўгода.

Апошнія гады менскія гарадскія ўлады не дазваляюць праводзіць акцыяў апазіцыі, у тым ліку пікетаў, за невялікім выключэннем – як, напрыклад, падчас перадвыбарчай кампаніі або «Чарнобыльскага шляху» і шэсця на Дзяды. У канцы 2011-га года, пасля хвалі маўклівых акцыяў пратэсту, улады Беларусі ўвялі ў дзеянне сумнавядомы закон «больш за трох не збірацца» – у выніку праз суды, штрафы ды арышты прайшлі сотні нашых грамадзянаў.

Віталь Бабін, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама