Хваля арыштаў у Беларусі. Хроніка рэпрэсіяў


У Беларусі знікаюць людзі – пасярод белага дня

Міліцыя затрымлівае і арыштоўвае нелаяльных да ўлады, і часта не дае звязацца са сваякамі. Напрыклад, пенсіянер Аляксандр Страх з Магілёва не па сваёй волі на тры дні знік у турэмным ізалятары. Сёння за ўдзел у мітынгу 15-га сакавіка яму прысудзілі штраф памерам 161 рубель.

Міліцыя працягвае ўжываць празмерную сілу

Жыхар Бабруйску Максім Бунцэвіч трапіў у шпіталь пасля таго, як спрабаваў прайсці ў міліцэйскі пастарунак, дзе трымалі ягоных бацькоў, затрыманых за ўдзел у акцыі пратэсту. Людзі ў цывільным моцна збілі мужчыну, пазней яму прысудзілі штраф Br 46 нібыта за лаянку ў публічным месцы. Агулам з пачатку месяца праз затрыманні, пратаколы і штрафы прайшлі не менш за 900 беларусаў, з іх 200 застаюцца ці былі за кратамі. Колькасць пабітых міліцыянтамі таксама вымяраецца сотнямі.

У Маладзечне міліцыя затрымала блогера Руслана Кісялёва і прадстаўніка міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі камітэт» Эдварда Баланчука.

У турму за пятлю

За кратамі застанецца Вячаслаў Касінераў, актывіст-антыфашыст, які на знак пратэсту супраць рэпрэсіяў накінуў пятлю на помнік гарадавому, што стаіць каля Міністэрства ўнутраных справаў. Супраць Касінерава вядзецца крымінальная справа паводле артыкулу «Хуліганства».

«Гэтая пятля, якую я накінуў на помнік гарадавому, гэта пятля, якую накідваюць на сучасныя правы і свабоды», – патлумачыў спадар Касінераў.

Тыя, хто выходзіць на свабоду, дзякуюць за падтрыманне

Учора, сёння і заўтра з Жодзінскага ізалятару вызваляюцца ўдзельнікі акцыі пратэстаў 15-га сакавіка ў Менску, пераважна гэта актывісты руху анархістаў, якіх міліцыя брутальна затрымлівала і збівала ў тралейбусе.

«Дзякуй усім, хто адпраўляў паштоўкі, вельмі прыемна было іх атрымаць», дзеліцца актывіст Пётр Маркелаў.

Рэпрэсіі не спыняць народнага пратэсту

Менавіта так мяркуе Павал Севярынец, які толькі вызваліўся пасля арышту ў Воршы.

«Беларускі народ падняўся на адну прыступку вышэй за гэтыя месяцы, і беларускі народ імкліва набліжаецца да пераменаў, якія ў Беларусі ўсё ж адбудуцца», – упэўнена зазначыў Павал.

Наступныя акцыі пратэсту адбудуцца 1-га і 9-га траўня

Сярод тых, хто прапаноўвае гэтыя святочныя даты, лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікола Статкевіч.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»