У Беларусі з'явілася новая кліматычная зона


Пра гэта кажа хоць бы тое, што апошнімі гадамі ў нас цалкам утульна адчуваюць сябе… тарантулы. Затое некаторым мясцовым жывёлінам і раслінам кліматычныя змены недаспадобы. Праз рост тэмпературы ў нас ды і на ўсёй планеце знікаюць шматлікія прадстаўнікі флоры і фаўны – прырода не паспявае адаптоўвацца да кліматычных зменаў.

Сустрэць тарантула пры ўваходзе ў дом – дзіва для беларуса. Там-сям на поўдні краіны гэтыя павукі ўжо задамавіліся. Спаткаць можна таксама багамола, арла…

«Паўднёвая частка Берасця, Маларыта – гэта ўжо стэпавая зона. У нас гэтай зоны ніколі не было. То бок на нас наступае стэп – за кошт больш сухога клімату. І адпаведна тыя віды, якія там насяляліся, часткова адкачоўваюць на поўнач, а іхнае месца запаўняецца іншымі відамі», – распавядае Віталь Сяменчанка, навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах.

Чайкі ды белыя чаплі прыляцелі, але арол маркут, белая курапатка, чарнадзюбавая гагара – паўночныя віды, і ў краіне іх засталіся адзінкі, кажа Аляксандр Вінчэўскі, «Ахова птушак Бацькаўшчыны»:

«Пацяпленне клімату ўплывае на зімоўкі шматлікіх птушак. Пералётным птушкам цяпер лягчэй знайсці здабычу ўзімку, асабліва інсектаў (найбольшая праблема для нашых птушак). Кожнаю зімою рэгіструюць новыя віды якія застаюцца на зімоўку».

Гэтыя працэсы даследуюць вучоныя ды эколагі кожнае краіны. Часопіс «Nature» апублікаваў высновы аналізу 71 даследавання, якія паказваюць – кліматычныя змены на нашай планеце адбываюцца настолькі хутка, што жывая прырода не паспявае міграваць. Да прыкладу, у паўднёвых раёнах Беларусі ў апошнія 10 гадоў сярэдняя тэмпература вырасла на 0,5°С: да -4,5°C у студзені і +17°C у ліпені.

«Зялёны партал» і адмыслоўцы Нацыянальнай акадэміі навук склалі спіс раслінаў, якія ў новым клімаце не вытрываюць і 10 гадоў. Сярод іх яловыя лясы, якія лічаць лёгкімі Беларусі. Мялеюць рэкі ды «цвітуць» азёры.

«Высокія тэмпературы прыводзяць да таго, што развіваюцца сіне-зялёныя водарасці. Потым яны адміраюць, падаюць на дно і выклікаюць з’яву, якая называецца «летнія заморы рыб», – гаворыць Віталь Сяменчанка з навукова-практычнага цэнтру НАН Беларусі па біярэсурсах.

Засуха наступае на землі шматлікіх краінаў свету, што ўплывае на падаражэнне сусветна любімых напояў і прысмакаў, такіх як арахіс, нут, авакада, віно, кава і… шакалад.

Юлія Цяльпук, belsat.eu