У Беларусі становіцца папулярны снус?


Снус – гэта здробнены ўвільготнены тытунь. Пакецік з такім змесцівам прызначаны для смактання. У нас жа продаж тытунёвых вырабаў, не прыдатных да палення, забаронены. Але існуюць нікацінавыя смактальныя сумесі, якія можна прадаваць.

«Гэты прадукт не ёсць снусам, бо першы ды найбольш значны характэрны складнік для снусу – тытунь», – кажа Андрэй Рэзнікаў, «British American Tobacco Belarus».

Спажыванне сумесі раўнаюць да палення цыгарэтаў, хоць яна прынамсі ў 4 разы мацнейшая за папяросы. Адзін тып слоіка, які сканфіскавалі на Віцебшчыне, мы знайшлі ў адкрытым доступе ў гіпермаркеце «Карона». У складзе ёсць раслінны носьбіт, соль, вада, харчовыя дадаткі, нікацін і араматызатары, але тытуню няма. Але мэта і снусу, і нікацінавых сумесяў застаецца адна: даставіць нікацін у арганізм. Наколькі гэта шкодна?

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Частка гэтых рэчываў пападае са слінай у страўнікава-кішачны тракт. Таксама ідзе пашкоджанне слізістай страўніка і дванаццаціперснай кішкі, што ў выніку ёсць вельмі моцным фактарам канцэрагенезу і прыводзіць да нейкіх пухлінаў», – распавядае псіхіятр-нарколаг Максім Вялічка.

Не ўсе нарколагі, з якімі мы звязваліся, чулі пра смактальныя сумесі. Для нашага рынку гэта з’ява новая. Сапраўдны ж тытунёвы снус узнік у Швецыі. Толькі там і ў Нарвегіі яго продаж дазволены.

«Найперш ён будзе папулярны сярод падлеткаў. Так адбываецца па шэрагу прычынаў. Я думаю, па-першае, з-за таго, што ўжыванне гэтага снусу можна схаваць ад бацькоў, ад выкладчыкаў», – мяркуе Пётр Маркелаў, «Legalize Belarus».

Слоікі з нікацінаваю сумессю, сканфіскаваныя ў Полацку, прыехалі да нас з Расеі. Апошнімі днямі тамтэйшыя медыі кажуць пра масавыя атручэнні школьнікаў ад нікацінавых сумесяў.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu