Сёння ўва ўсім свеце праходзіць Дзень глабальнага прыбірання смецця. Удзел у акцыі зазвычай бяруць экалагічныя арганізацыі, але далучыцца можа і кожны ахвотны. Пачаць можна з уласнага двара.
А прыбіраць ёсць што. Гэтак, каля Барысава наведнікі лесу назіралі жудасную карціну. Маладзёны не засталіся абыякавымі ды прыбралі смецце, што заняло ў іх усяго 10 хвілінаў.
«Людзям вельмі проста прыехаць, гэта ўсё выкінуць і проста з’ехаць, як быццам бы прырода ўсё да сябе прыме. Таму так, гэта хутчэй праблема з людзьмі», – кажа прадстаўніца «Зялёнай сеткі», кансультантка праекту «Зробім» Хрысціна Чарняўская.
Ёсць праблемы, якіх паасобку не развязаць, таму экалагічна свядомыя людзі ладзяць масавыя прыбіранні. Гэтым між іншага займаецца і праект «Зробім».
«У яго няма цяпер каардынацыйнага такога камітэту, які б казаў людзям, у якую дату трэба выйсці. Людзі папросту самі пачалі гэта рабіць, прыборкі. І, на мой погляд, гэта нашмат лепш, бо дзе каму што баліць, той там і прыбірае», – адзначае Хрысціна Чарняўская.
Прыбіраючы смецце, можна прыбраць і лішнія кілаграмы. У гэтым сутнасць плогінгу: людзі робяць забегі і адначасова ачышчаюць свой маршрут.
«Калі валяецца нейкі фанцік ці бутэлька, яна нікуды не дзенецца, нікуды не сыдзе. І ўсе мы ведаем, колькі раскладаецца пластык, вось гэтыя пластыкавыя бутэлькі, напрыклад, з-пад піва, будуць валяцца, валяцца, валяцца, пакуль іх хтосьці не прыбярэ. І камунальныя службы не заўсёды спраўляюцца», – гаворыць актыўная ўдзельніца «Plogging Belarus» Кацярына Дарожкіна.
Сёлета ўпершыню ладзяць акцыю «Аўдыт смецця». Людзі прыбіраюць і падлічваюць сабранае з дапамогай адмысловай формы.
«Гэта магчымасць камунікацыі з дзяржаўнымі органамі. Паказваць, што вось, сапраўды вялікі адсотак пластыкавага смецця ў Беларусі не перапрацоўваецца – трэба штосьці з гэтым рабіць», – адзначае каардынатарка акцыі «Аўдыт смецця» Марыя Сума.
Прыбіраць смецце трэба не адзін дзень за год. Інфармацыю пра чарговыя супольныя акцыі можна знайсці на сайтах Цэнтру экалагічных рашэнняў, «Зялёнай сеткі» і праекту «Зробім».
Дзіяна Раткевіч, «Белсат»