Аб'ектыў 11.12.2019 У Беларусі павялічваюцца польскія інвестыцыі


Бізнесоўцы з Польшчы і Беларусі, кіраўнікі міністэрстваў, ведамстваў, а таксама дыпламаты. У такім складзе ў Менску праходзіць 11-ты Беларуска-польскі эканамічны форум. Колькі інвестуе ў нашую эканоміку краіна-суседка? І ў якіх кірунках плануецца супраца надалей?

Упершыню тэматыка бізнес-форуму па супрацы Польшчы і Беларусі ахоплівае адразу некалькі важных і новых кірункаў: трансмежнае партнёрства, навуку, адукацыю ды ІТ-сферу.

Намеснік міністра эканомікі Беларусі Дзмітрый Матусевіч распавядае:

«Мы бачым, што ўжо вельмі шмат кампаніяў (350) працуе на беларускім рынку з польскімі інвестыцыямі або цалкам польскія, апроч таго, накопленыя валавыя інвестыцыі ўжо набліжаюцца амаль да паўмільярда долараў, і гэта немалыя грошы!»

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Толькі пакуль гэтыя грошы застаюцца, хутчэй, у традыцыйным сектары.

«Гэта ўсё тое, што звязана з дрэваапрацоўваннем і перапрацоўваннем дрэва. Гэта тэма пастаянна абмяркоўваецца», – тлумачыць Міністр гандлю Беларусі Уладзімір Калтовіч. – «Усё, што датычыць сельскай гаспадаркі. Мы ведаем пра дасягненнях польскай сельскай гаспадаркі як гаспадаркі краіны, аграрная палітыка якой мае поспех».

Паводле міністра, моцна цікавіць польскіх інвестараў і будаўнічая галіна, прычым не толькі самое будаўніцтва, але і арганізаванне вытворчасці будматэрыялаў на тэрыторыі Беларусі. Агулам жа па выніках на верасень гэтага года таваразварот паміж Беларуссю і Польшчаю ўжо ў верасні амаль дасягнуў паказніку мінулага года і склаў 2,4 млрд долараў.

А за 2018 год памер чыстых польскіх інвестыцыяў у нашую краіну склаў – 445 мільёнаў долараў. Што ж да гэтага года, то тут таксама не без поспехаў.

«Сёлета прыйшлі два вельмі буйныя інвестары з Польшчы з мэблевай галіны ў «Горадняінвест», і гэта ўжо агучылі ў польскай прэсе. У бізнес-колах ды бізнесоўцы прыглядваюцца: а што там у гэтай Беларусі такога цікавага?» – кажа Мікалай Таўбер, Агенцтва інвестыцыяў у Беларусі.

Інвестыцыйны клімат Беларусі, безумоўна, змяняецца, аднак уласнікі кампаніяў, якія ўжо працуюць з польскім капіталам, патрабуюць не толькі фінансавых палёгкаў.

«Каб закон у Беларусі працаваў! Законы добрыя, але не заўсёды яны добра выконваюцца», – кажа Віктар Туцін, уласнік кампаніі.

Агульна ж Беларуска-польскі эканамічны форум – гэта не толькі грошы. Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі распавядае:

«Бізнес заадно – гэта моцны фундамент агулам нашых стасункаў паміж палякамі ды беларусамі і спрыяе росту даверу і таксама развіццю супрацы і ў іншых вобласцях, проста кантактаў і павелічэння добрасуседства».

Таксама амбасадар Польшчы спадзяецца, што ягоная краіна з 4-га месца ўжо зусім хутка ўвойдзе ў тройку галоўных бізнес-партнёраў Беларусі.

Кірыл Смяглікаў belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары