Аб'ектыў 08.06.2018 У Беларусі пачалі «сыпацца» старыя масты


Светлагорскі мост па вуліцы Свярдлова рамантуюць ужо месяц. Праз рамонтныя працы для ўладальнікаў аўтаў дарога падоўжылася прыблізна на 20 хвілінаў. А вось пенсіянеры, якія побач маюць лецішчы, вымушаныя хадзіць наўпрост па чыгунцы.

Жыхары Светлагорску кажуць:

«Мост не працуе, аўтобусы не ходзяць. Зараз да аўтастанцыі дайду і там сяду на аўтобус».

«Канечне не зручна, іншая рэч, што калі трэба рамантаваць, дык трэба, але для нас, пенсіянераў, ад аўтастанцыі да гаражоў нейкі аўтобусік бы працягнулі. Было б зручней, торбу пранесці».

Агулам у Светлагорску 4 масты. Рамонту патрабуе яшчэ адзін, па вуліцы Шашэйнай. У прадпрыемстве «Светач», якое абслугоўвае гарадскія масты, запэўніваюць: мост па Шашэйнай будуць рамантаваць налета. Што да гэтай аб’екту, тут абяцаюць здаць мост нават датэрмінова і скончыць рамонт бліжэй верасня, а жыхароў просяць «увайсці ў сітуацыю».

«Мост тэрмін свой выслужыў, быў распрацаваны праект, было зробленае абследаванне. У канструкцыі пайшло парушэнне сувязяў, выканкамам былі вылучаныя сродкі на рамонт мосту, і пачаліся працы. Тэрміны нават будуць скарочаныя, ААТ «Мастабуд» з Магілёва працуюць у выходныя з падоўжанымі гадзінамі, гэта ў іхных жа інтарэсах», – адзначае намеснік гендырэктара КЖУП «Светач» Ала Мігаван.

Зрэшты, ёсць і крытыкі, якія ўпэўненыя: часовых нязручнасцяў можна было ўвогуле пазбегнуць.

«Улады, перш як перакрываць гэты мост, мусілі паклапаціцца пра людзей, прадумаць, якім чынам яны будуць іх туды дастаўляць. Як людзі змогуць даехаць да свайго лецішча», – мяркуе праваабаронца Алена Маслюкова.

Мост праз Сож у Гомлі, праз Дняпро ў Рэчыцы, над чыгункаю Гомель – Рэчыца ды знакаміты мост праз Прыпяць каля Жыткавічаў, які ўжо зруйнавалі. Спіс аварыйных мастоў цягнецца на дзясяткі канструкцыяў па ўсёй Беларусі. Старыя масты, быццам даміно, пачалі сыпацца адзін за другім з пачатку года.

Сярод іншага, менавіта гэтае пытанне абмяркоўвалі ў Менску напярэдадні кіраўнік краіны ды віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця. Ален Пію заявіў, што банк зацікаўлены ў тым, каб падтрымаць Менск у праектах рэканструкцыі 22-ух мастоў па ўсёй краіне.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»

Фота – ranak.me

Глядзі таксама
Каментары