У Беларусі хочуць пабудаваць другую АЭС


Названую Аляксандрам Лукашэнкам «ядравай дзяржавай» Беларусь не магчыма стрымаць. Не паспелі запусціць на поўную магутнасць ужо пабудаваныя 2 рэактары, і яшчэ не знайшлі пакупнікоў на энергію, але ўжо пачалі абмяркоўваць з «Расатамам» будаўніцтва яшчэ адной АЭС у Беларусі! Навошта?

«Гістарычны момант. Краіна становіцца ядраваю дзяржавай», – цешыўся Лукашэнка на адкрыцці Беларускай АЭС. Праз тры дні пасля ўрачыстага пуску першага энергаблоку Беларускай атамнай электрастанцыі – непрыемная навіна: прыпынілі выпрацоўванне энергіі з-за выхаду з ладу трансфарматараў напружання…

Пасляпускавыя паломкі здараліся з яшчэ двума падобнымі аб’ектамі «Росатаму» – згадалі ядравікі, але змаўчаў гендырэктар гэтае расейскае карпарацыі Аляксей Ліхачоў, кажучы сёння пра паспяховасць праекту:

«Энергапуск беларускага энергаблоку ператварыўся ў падзею нацыянальнага маштабу. Гэта сумесная перамога расейскіх і беларускіх спецыялістаў, якая спрыяе абʼяднанню нашых народаў».

Удвая мацней будзе яднанне, калі пабудаваць другую атамную станцыю!

«Цяпер з кіраўніцтвам рэспублікі абмяркоўваем магчымае будаўніцтва яшчэ адной станцыі і даследчага рэактару», – пацвердзіў ён праўдзівасць словаў Аляксандра Рыгоравіча аб магчымасці будаўніцтва другой станцыі – з мэтаю «зменшыць залежнасць краіны ад нафты і газу».

«Мы жывем у стагоддзе танных вуглевадародаў. Выраб электрычнасці з традыцыйных крыніцаў – з газу і гідра – нашмат больш магутны, чым быў тады, калі праектавалася Беларуская АЭС», – сказаў на гэта эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Планаваць будаўніцтва другой станцыі, калі ў першай у эксплуатацыі толькі адзін энергаблок і пакуль на 40 адсоткаў – рашэнне нечаканае для беларускай грамадскасці. Жыхары Віцебску выказалі меркаванне:

«Гэтая не ведаем якою будзе, а пра другую думаць?»

«Каб тая другая працавала, трэба каб «ператокі» былі, краіна была вялікая. А ў нас маленькая краіна».

«Дзеля таго каб наш доўг рабіўся большы і залежнасць нашая расла ад старэйшага брата».

Адметна, што радыяцыйна небяспечны фізічны пуск быў выкананы не па пратаколе, як і раней… выгрузка паліва з сухога сховішча, – сказала каардынатарка беларускай антыядравай кампаніі Таццяна Новікава:

«Даюць рэцэнзію, вельмі старанна правяраюць, наколькі ўжо пабудаваная інсталяцыя адпавядае праектнаму рашэнню. У БелАЭС гэтага ўсяго няма. Няма рэцэнзіі, няма справаздачы аб ацэнцы бяспекі. Замест усяго гэтага прыязджае непрызнаны кіраўнік і ў загадным парадку просіць адкрыць станцыю».

Журналіст-раследвальнік Станіслаў Івашкевіч падкрэслівае, што арганізаваная Аляксандрам Лукашэнкам эканоміка жыве імгненнымі паказнікамі, справаздачамі і планамі, што шкодзіла ўсім без выключэння вытворчасцям. Але калі дрэваапрацоўчую фабрыку можна ў рэшце закрыць, ядравае рэакцыі спыніць нельга.

«Ёсць вельмі вялікія сумневы, што Беларусь «пацягне» настолькі высокатэхналагічны праект, як Атамная электрастанцыя. Яна вельмі доўга акупляецца і вымагае вельмі ўзважанага і вельмі вялікага выверанага кіравання», – дадаў Івашкевіч.

Тэрмін эксплуатацыі першай беларускай станцыі – 60 гадоў. «Росатам» пабудаваў яе за кошт крэдыту ў памеры $ 10 млрд пад літоўскаю мяжой. У дзень пуску Літва спыніла набыванне электраэнергіі з Беларусі і дамагаецца салідарнасці Еўразвязу ў гэтым пытанні.

Юлія Цяльпук belsat.eu