У Барані знясуць будынак пачатку XX стагоддзя. Улады лічаць, што ён 1952 года


На знос гістарычнага будынку на прадпрыемстве «Тэхніка сувязі» ў Барані дзяржава выдаткуе 550 тысяч рублёў. Будынак цэху пачатку ХХ стагоддзя ў дакументах, як ні дзіўна, пазначаны 1952 годам і дзяржаваю не ахоўваецца. Таму ён мае быць зліквідаваны да канца гэтага года.

«Нерацыянальна, але разнос атрымалі, трэба наводзіць парадак, і ў нашых чыноўнікаў парадак – гэта значыць прыбраць усё лішняе, – кажа «Белсату» рэдактар сайту «Orsha.eu» Ігар Казмярчак. – Наколькі яно патрэбна – не патрэбна, галоўнае, каб усё было «красівенька» і з плітачкай».

Горад Барань мае 500-гадовую гісторыю, але ў плане архітэктуры асабліва не вылучаецца. Навокал адно новыя раёны ды савецкая забудова. Амаль усе старыя аб’екты ў горадзе так ці інакш звязаныя з мясцовым флагманам вытворчасці – цяперашнім заводам «Тэхніка сувязі».

«Можна сказаць, што вакол гэтага заводу і вырас горад. Заводу і належаў гэты горад, і тут вельмі вялікая будоўля была, і таму развівалася. А на сённяшні час мы бачым сітуацыю вось так, як ёсць. Завод застаўся маленькі, тэрыторыя яго змяншаецца, і вытворчасць змяншаецца, і цэхаў усё меней і меней», – распавядае краязнаўца Віктар Міхасёў.

На пачатку 90-х на прадпрыемстве працавалі каля 9 тысяч чалавек, цяпер жа гэтая лічба знізілася прыкладна да паўтысячы. І хоць у завод інвестуюцца вялізныя грошы, ён не акупляецца, і таму праблема пустых памяшканняў застаецца актуальнай. Які ж лёс чакае закінутыя будынкі?

Галоўны інжынер «Тэхнікі сувязі» Дзяніс Багамаз адмовіўся даць інтэрв’ю «Белсату».

«Будуць зносіць – даведаецеся», – сказаў ён.

На старонцы Дзяржаўнага камітэту маёмасці Рэспублікі Беларусь мы знайшлі інфармацыю, згодна з якой на заводзе ў Барані агулам плануецца знесці чатыры закінутыя будынкі, а два – аддаць у арэнду.

Такім чынам ігнаруюцца леташнія ўказанні кіраўніка краіны.

«Мне ўсё роўна, што вы будзеце рабіць. Найлепш, канешне, абаронную прадукцыю», – казаў Лукашэнка ў жніўні 2018-га.

«Заводу выдзелілі грошы за кошт ваенных. Ён належыць да Міністэрства абароны, і вось за кошт гэтых сродкаў сёння і заробкі плацяцца, і рамонт робіцца, і кавярні адчыняюцца. І знос гэтага будынку таксама за кошт гэтых сродкаў. Чыстыя датацыі», – тлумачыць Казмярчак.

Колькі ж пацягне знос не аднаго – за больш як паўмільёна рублёў, – а чатырох будынкаў, не паведамляецца. Як і няма адказу на пытанне, чаму б гэткія вялізныя грошы замест руйнавання не пусціць на развіццё датацыйнага прадпрыемства.

Рэпартаж Віктара Старавойтава з Барані глядзіце ў поўным выданні навінаў за 29 верасня