У Акцябрскім працаўнікі хуткай дапамогі адкрыта расказалі пра праблемы


Працаўнікі Акцябрскага шпіталя.
Фота: Белсат

Здымаць у Акцябрскі мы прыязджаем не першы раз: часцей за ўсё мясцовыя праблемы звязаныя менавіта з медыцынай. Каля двух гадоў таму ў шпіталі змяніўся галоўны доктар, і з гэтым некаторыя працаўнікі звязваюць асноўныя складанасці.

– Якія асноўныя цяжкасці, з якімі вы сутыкнуліся ў апошні час?

– Напэўна, для нас, фельчараў, гэта ў першую чаргу транспарт. Пры транспартаванні пацыента са Светлагорску практычна па роўнай дарозе ў выніку непрацоўнай падвескі адбыўся вывіх пляча, чаго пры нармальным аўтамабілі не было б ніколі, – кажа фельчар Сяргей Беніш.

«Пакуль дамовы, пакуль усё. Час. А машына? Трэба ездзіць. А вязеш хворага і думаеш, давязеш ці не…», – дзеліцца кіроўца Аляксандр Лоша.

хуткая дапамога, Акцябрскі
Такія аўтамабілі ў медыкаў у Акцябрскі.
Фота: Белсат

Паводле працаўнікоў, праблемаў з арганізацыяй працы ў падраздзяленні хуткай дапамогі хапае. У кіроўцаў няма нават пакою для адпачынку. Незадаволеныя медыкі і арганізацыяй працы падчас пандэміі.

«Кожную ноч практычна ў Гомель вазілі не па адным чалавеку, па тры. І па шэсць было пацыентаў за адзін раз з COVID.

– А прэмію вам далі за вашую працу ці надбаўкі?

– Смеяцеся? Адзін раз ковідныя былі. Мне, здаецца, у памеры 1000 рублёў», – расказвае фельчар Сяргей Беніш.

Узніклі праблемы і з дэзынфекцыяй машынаў пасля транспартавання хворых з COVID-19. Займацца гэтым проста няма каму.

«Яны хочуць перакласці гэта на кіроўцаў, якія наагул не разумеюць прынцыпаў апрацоўвання аўтамабіля. І цяпер накшталт, як паводле інструкцыі, хочуць на нас», – кажа фельчар Уладзімір Цагельнік.

Да нас трапіў аўдыязапіс размовы кіроўцаў з галоўным доктарам Яўгенам Лаковічам:

«Хто павінен займацца дэзынфекцыяй машынаў? Кіроўца? Дэзынфектар павінен займацца!

– Так! Не вучыце мяне тут, зразумела?»

Салідарнасць у калектыве працаўнікоў медычнай установы паўстала пасля таго, як некаторыя з іх атрымалі вымовы.

«Нібыта за парушэнне масачнага рэжыму. Раніцай я прыехаў на працу, падымаўся па лесвіцы да свайго кабінету, і мяне ў гэты час заўважыў галоўны доктар. Праз паўгадзіны патэлефанавала юрыст… На ганку! Я нават не дайшоў да працоўнага месца!», – скардзіцца фельчар Уладзімір Цагельнік.

«Я загаду нават не бачыў масачнага. Дзе гэта хадзіць у масцы? Ну, зразумела, што хадзіць унутры. Ну на вуліцы я думаю, што не!», – падтрымлівае кіроўца Сяргей Руды.

Мы папрасілі галоўнага доктара Акцябрскай ЦРБ Яўгена Лаковіча пракаментаваць сітуацыю, але ён папрасіў выйсці нас з кабінету.

– Вы адмаўляецеся даць каментар? Чаму?

– Я з вамі не хачу размаўляць.

Чакалі работнікі дапамогі ад дзяржаўнага прафсаюзу. Але ў прызначаны час да іх проста ніхто не прыехаў.

«Мы спадзяваліся, што прыедзе да нас старшыня прафкаму нашага райвыканкаму. Ну, карацей, вялікае чалавечае дзякуй мы пачулі!», – кажа кіроўца Юрый Карцаў.

Адзіны спадзеў на абскарджанне вымоваў працаўнікі медычнай установы ўскладаюць на праваабаронцаў.

«Пасля азнаямлення з гэтым загадам мы будзем абскарджваць яго. Спачатку пойдзем у камісію па працоўных спрэчках, а потым пойдзем і ў суд», – расказвае праваабаронца, юрыст прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка.

«Белсат» будзе сачыць за развіццём падзеяў.

Алена Дубовік, «Белсат»