У адным са шматпавярховікаў Віцебску – вадаспады са столі падчас дажджоў


Праз неймаверна моцную залеву ў доме 64 па Маскоўскім праспекце ў Віцебску адбыўся сапраўдны патоп. Заліла адразу 4 паверхі. У выніку рамонтныя службы толькі развялі рукамі і сказалі, што прыпыніць дождж яны не ў стане.

Праліўны дождж… але не на дварэ, а ва ўласнай кватэры! Жыхары дому 64 на Маскоўскім праспекце ў Віцебску цяпер з трывогаю глядзяць прагноз надвор’я, бо калі перадаюць дажджы – гэта азначае, што неўзабаве пачнуцца праблемы.

«Тут усё залівае, асноўны паток ідзе, а па краях таксама. А вось ванна таксама яшчэ ніяк не можа высахнуць», – Надзея Леановіч, жыхарка кватэры № 322.

Паводле спадарыні Надзеі, сёлета першы раз ейную кватэру заліло першага ліпеня, але праблемы з працяканнем былі ўжо раней.

«ЖЭА прыходзіла, каб выясніць прычыну. Яны рашылі, што справа ў даху і сталі рэмантаваць дах. І нібы адрамантавалі, але праблема не вырашылася, праблема ў зліўной трубе», – распавядае Надзея Леановіч, жыхарка кватэры № 322.

Тое, што зліў у дзевяціпавярхровіку не працуе нармальна, ускосна пацвярджае і той факт, што цячы на галаву жыхароў не перастае яшчэ некалькі гадзінаў пасля дажджу.

«Мы падалі заяву. Прыйшлі зрабілі апісанне і сказалі, што павінна прайсці 10 дзён без дажджу. Мы прыйдзем састаўляць іск пра нанесены ўшчэрб», – каментуе Надзея Леановіч, жыхарка кватэры № 322.

Аднак гэтым летам у Віцебску такога, каб 10 дзён запар не было дажджоў, пакуль не было. Кватэру суседкі Надзеі Леановіч, якая жыве паверхам ніжэй ды якая і падзялілася відэа ў сацыяльных сетках, моцна заліло ў купальскую ноч.

«Аварыйка прыехала толькі а трэцяй уначы, сарвалі замок. Паглядзелі, што ліўнёўка працуе, і сказала, што гэта дах. Але дах у ідэальным стане, няма дзірак, і цяпер мы самі праводзім нейкія экспертызы ды высвятляем праблемы з ліўнёўкай», – распавядае Вольга Кацько, жыхарка кватэры № 317.

Жыхары наракаюць: прыйсці да іх і паглядзець, што адбываецца, камунальнікі не пагадзіліся. Чуюць жа адныя абяцанні.

«Спрабавалі ў ЖКГ № 9 паказаць відэа таго, што адбываецца, сакратар толькі адмахнулася: глядзець мне, кажа, там няма чаго».

Мы таксама спрабавалі датэлефанавацца кіраўніцы ЖЭУ нумар 9, але ніхто не падняў слухаўкі. Сёння ж ранкам жыхароў злашчаснага дому ў Віцебску заліло зноў.

Кірыл Смяглікаў belsat.eu