Аб'ектыў 25.06.2018 У ААН абмеркавалі парушэнні правоў чалавека ў Беларусі


Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не змянілася. Рэпрэсіі, падаўленне любога іншадумства ды адсутнасць вярхоўнасці права працягвае мець сістэматычны характар, канстатуе спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці. На Савеце ААН па правах чалавека ў Жэневе ён прадставіў свой апошні даклад. Пра правы і бяспраўе на прыкладах – Сцяпан Святлоў.

Улада супраць уласнага народу. Супрацьстаянне цягнецца ўжо амаль 25 гадоў. І ніякіх перадумоваў для хуткай змены гэтай сітуацыі няма, заключае ў сваім 23-старонкавым дакладзе адмысловы спавяшчальнік ААН у пытаннях правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці:

«Улады Беларусі стварылі пастаянную атмасферу страху з дапамогаю сваіх рэпрэсіўных законаў і стратэгіяў, а таксама шырокамаштабнага гвалту з боку працаўнікоў праваахоўных органаў».

Падаўленне любой нязгоды, адсутнасць плюралізму ў медыях, блакаванне сайтаў ды ціск на незалежных журналістаў і блогераў…

Толькі сёлета журналістаў «Белсату» за працу без акрэдытацыі прыцягвалі да адказнасці больш за 50 разоў, а агульная сума штрафаў перавысіла Br 42 тыс. Але гэта – далёка не адзіная праблема. Міклаш Харасці звяртае ўвагу на праблемы з аб’яднаннямі ды мірнымі сходамі, сфабрыкаванымі абвінавачваннямі і судоваю сістэмай у цэлым. Абураюць адмысловага спавяшчальніка ААН імаверныя фальсіфікацыі выбараў, а таксама тое, што Беларусь апошняя ў Еўропе можа забіваць за забойства.

«Вы не глядзіце па баках. Не трэба глядзець, якую заяву зробіць Еўразвяз або Дзярждэпартамэнт, гэта іх справа – рабіць заявы», – казаў раней Аляксандр Лукашэнка.

А Харасці паўтарае: парушэнні дэмакратычных правоў згубна ўплываюць перадусім на эканоміку і культуру, а значыць, закранаюць грамадства ў цэлым.

Вось як каментуе сітуацыю палітык Уладзімір Някляеў:

«Пакуль будзе ў Беларусі рэжым Лукашэнкі, наўпрост звязаны з Расеяй, якая падтрымлівае гэты рэжым, таму што гэткі самы рэжым у Расеі, датуль будуць даклады Харасці».

Застаюцца ў Беларусі і палітычныя зняволеныя – імі праваабаронцы прызнаюць Змітра Паліенку і Міхаіла Жамчужнага. Разам з гэтым звяртаюць увагу і на правы ўсіх вязняў.

«Паведамляюць пра злоўжыванні супрацоўнікаў месцаў зняволення, паведамляюць пра катаванні», – кажа Раіса Міхайлоўская з Беларускага дакументацыйнага цэнтру.

Дык чаму б дзейным уладам не прыслухацца да людзей і праваабаронцаў, не спыніць міліцэйскі гвалт і палітычны пераслед?

«Сам рэжым на гэтым і трымаецца. Як толькі ён аслабіць ціск на тых людзей, якія не згодныя так жыць, як яны жывуць, адразу ён пасыплецца», – мяркуе Уладзімір Някляеў.

А перадумовы да гэтага ўжо ёсць, кажа палітык, ставячы ў прыклад хістанні вакол Курапатаў. Але ж пакуль улады Беларусі працягваюць ігнараваць большасць прэтэнзіяў праваабаронцаў. Таму і ранейшыя праблемы ў нашай краіне застаюцца – змяняюцца толькі тыя, хто за імі сочыць. Перад сканчэннем свайго мандату Міклаш Харасці плануе прэзентаваць сваё спавешчанне на Генеральнай Асамблеі ААН у ЗША. А ўжо заўтра аб правах беларусаў загавораць у Еўрапарламенце – на паседжанні працоўнай групы міжпарламенцкай асамблеі «Еўранэст».

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Viktor Drachev/TASS/ Forum

Глядзі таксама
Каментары