Аб'ектыў 16.09.2019 У 2020 годзе ўмовы працы для ІП, якія займаюцца гандлем, стануць яшчэ больш жорсткія


«Праблема-2020» – гэтак назвалі свой форум бізнесоўцы. У наступным годзе індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца гандлем, не чакаюць нічога добрага. Чаго ж баяцца людзі з прадпрымальніцкаю жылкай, гатовыя працаваць і зарабляць? Хто пілуе сук, на якім месціцца дабрабыт краіны?

Больш за 200 удзельнікаў з 18 гарадоў Беларусі – у Менску прайшоў форум прадпрымальнікаў «Праблема 2020 для прадпрымальніцтва».

Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі ўвёў новую сістэму маркіроўкі прамысловых тавараў, якая пачне дзеяць з 1 сакавіка 2020 года. Ініцыятарам праекту стала Расея. Цяпер праводзіцца пілотны праект у дачыненні абутку, у якім удзел бярэ і Беларусь.

«На кожную пару трэба атрымаць электронны пашпарт – там мае быць інфармацыя пра склад прадукцыі, колер, памер, вытворцу, сертыфікат, нумар – вялікая інфармацыя, і самае складанае, што ўсё гэта будзе ў электронным выглядзе», – тлумачыць новаўвядзенне член савету РГА «Перспектыва» Дзмітрый Запуняка.

Аператарам у маркіраванні ў Беларусі будзе выдавецтва «Белбланкавыд», прадстаўнік якога Аляксей Смірноў патлумачыў прадпрымальнікам, для чаго Беларусь пагадзілася браць удзел у праекце:

«У першую чаргу размова вялася пра тое, каб не згубіць расейскага рынку для нашых буйнейшых вытворцаў – «Марка», «Белвест» ды іншых, а таксама сеткі – як «Мегатоп» – яны таксама возяць праз Беларусь тавары на расейскі рынак, таму Міністэрства падаткаў і збораў, як каардынатар у гэтай галіне, думала ў першую чаргу пра тое, каб захаваць экспартавы складнік для нашай краіны».

ІП-шнікі ж лічаць, што пагадненне пра маркіраванне тавараў ставіць у няроўныя ўмовы беларускіх і расейскіх прадпрымальнікаў і дае прастору для шэрага гандлю, бо прадпрымальнікі вязуць тавар пераважна з Расеі, а перш, чым тавар можна будзе зарэгістраваць у Беларусі, расейскі пастаўшчык мае зняць яго з абароту.

«Мы цалкам залежым ад Расейскай Федэрацыі, як Расея будзе выконваць свае ўмовы гэтай электроннай маркіроўкі, ці будзе яна рэгістраваць гэтыя тавары, ці ўсё там будзе паводле закону», – сцвярджае Дзмітрый Запуняка.

«Калі вялікая Расейская Федэрацыя не можа навесці парадку на двух рынках Масквы, дзе гандлююць не зусім празрыста і законна, то як яны могуць распаўсюдзіць складаную электронную сістэму адсочвання тавараў на краіны Еўразійскага эканамічнага саюзу?» – задаецца пытаннем кіраўнік РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Прадпрымальнікі лічаць, што на практыцы ўзнікнуць праблемы з рэгістрацыяй тавараў, а гэта азначае, што ўмовы для гандлю ІП-шнікаў стануць яшчэ больш жорсткія.

Ірына Дарафейчук belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары