Тысячы долараў у жыроўцы – за ложак ці лядоўню ў майстэрні дызайнера


Ці лёгка ў Беларусі людзям творчых прафесіяў зарабіць грошы? Не заўсёды. Затое ЖРЭА вырашыла зарабіць на творцах, падняўшы ў разы арэндную плату. Напрыклад, знакамітаму творцу Уладзіміру Цэслеру – за тое, што ў ягонай майстэрні стаіць ложак. Не менш дзіўныя закіды пачулі і іншыя мастакі.

Сумы ў жыроўках творцаў – касмічныя. Гэтак, дызайнер скураных аксесуараў Максім Карась атрымаў рахунак амаль на 50 тысяч долараў!

«У студзені да нас прыйшлі працаўнікі ЖРЭА Маскоўскага раёну ўжо з прэтэнзіямі. Што 100 метраў – гэта шмат для творчай майстэрні, што абсталявання, якое тут для аднаго чалавека, – занадта шмат», – абураны дызайнер.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Сябры Беларускага саюзу дызайнераў, як пазначана ў законе, аплочваюць арэнду паводле зніжанага каэфіцыенту. Цяпер іх падазраюць у камерцыйнай дзейнасці, што пазбаўляе ад ільготаў. Фармальныя доказы – побытавыя рэчы ў памяшканні. Максіму зрабілі заўвагу за гадзіннік на сцяне з імянным надпісам, які палічылі рэкламаю, у іншых дызайнераў праблемай сталі лядоўні ды ложкі.

Для шмат якіх мастакоў і дызайнераў майстэрня – другі дом. Працуючы, можна заседзецца і на тыдзень, выходзячы толькі па хлеб і ваду, а за працоўным месцам можна выпіць і кубачак кавы. То дзе тая мяжа – паміж творчасцю і побытам? І як яе можна вызначыць?

Пэўна, ведаюць прадстаўнікі дзяржкантролю, паводле якіх нормаў ложак не мусіць стаяць у майстэрні, хоць у законе згадкі пра тое няма.

«Там людзі ажыццяўляюць сваю творчую дзейнасць дзеля атрымання даходу, каб утрымліваць гэтае месца, і для іх гэта адзінае месца, дзе яны могуць зарабляць», – тлумачыць Зміцер Сурскі, старшыня беларускага саюзу дызайнераў.

«Нашыя вырабы прэзентаваныя на паказах, выставах, гэта эксклюзіўныя адзінкавыя тавары. У прынцыпе, дызайнеры ўсё гэта разумеюць, але гэта складана зразумець чалавеку, які глыбока не пагрузіўся ў гэтую сферу», – распавядае Максім Карась, дызайнер скураных аксесуараў.

Юрыст, які пажадаў застацца ананімным, патлумачыў, што ў ЖРЭА кіраваліся рэкамендацыямі дзяржкантролю, парушаючы нормы заканадаўства:

«Арэндавыя памяшканні вылучаліся на аснове рашэння Менгарвыканкаму, дзе былі прадугледжаныя паніжальныя каэфіцыенты, і на цяперашні момант гэтыя паніжальныя каэфіцыенты нікім не адмененыя».

Пераразлікі атрымалі 5 дызайнераў. І яны не ведаюць, як сябе бараніць, бо афіцыйных прэтэнзіяў ім не выстаўлялі, а на руках – вось гэтыя сумы, якія немагчыма выплаціць ні самым творцам, ні Саюзу, у які яны ўваходзяць. Тая ж сітуацыя закранула і мастака Уладзіміра Цэслера.

24 студзеня творцы сустрэнуцца з прадстаўнікамі Міністэрства культуры, каб дамагчыся распрацоўвання нормаў закону з дакладнымі патрабаваннямі да майстэрняў.

Таццяна Уласенка belsat.eu