«Тупік рассмоктваецца». Расея і Беларусь неўзабаве скончаць сварыцца за газ і нафту


«Я думаю, у бліжэйшы час, мы вырашым гэтае пытанне», – казаў Аляксандр Лукашэнка пра нафтагазавую спрэчку з Расеяй тры месяцы таму. Праз месяц пасля гэтага, паводле выдання «Камерсант», бакі нібыта дамовіліся пра кампрамісны варыянт. Менск пагасіць запазычанасць за расейскі газ памерам больш за $ 300 млн. Масква, у сваю чаргу, адновіць абʼёмы экспарту нафты і пачне вяртаць Беларусі частку газавага рахунку ў выглядзе адмысловай субсідыі. Менск, аднак, грошай на пагашэнне запазычанасці не знайшоў і зрабіў толькі нейкую сімвалічную авансавую выплату. Маскву гэта не задаволіла.

ДЗМІТРЫЙ МЯДЗВЕДЗЕЎ, ПРЭМʼЕР-МІНІСТР РФ:

«Неабходна пагасіць запазычанасць, каб аднавіць нармальныя гаспадарчыя дачыненні. Спадзяюся, беларускія партнёры гэта разумеюць і ўсё зробяць».

Цяпер, паводле выдання «Камерсант», Менск, перш як пагасіць запазычанасць за газ, якая тым часам вырасла амаль у паўтара разу, хоча атрымаць два траншы стабілізацыйнага крэдыту Еўразійскага фонду, з якіх і правядзе выплату. На сённяшні дзень, аднак, фонд прыпыніў выдачу траншаў Менску за невыкананне ім умоваў стабілізацыйнай праграмы. У прыватнасці – што тычыцца закрыцця неэфектыўных прадпрыемстваў і павелічэння дапамогі беспрацоўным. Незалежныя адмыслоўцы лічаць малаверагодным, што Крэмль прыме новыя прапановы Менску.

ВАДЗІМ ІОСУБ, СТАРЭЙШЫ АНАЛІТЫК «АЛЬПАРЫ»:

«Чыста такое палітычнае рашэнне выдаць чарговы транш крэдыту антыкрызіснага фонду без таго, каб Беларусь выканала прынятыя на сябе абавязкі, гэта па сутнасці – дыскрэдытаваць саму ідэю гэтай крэдытнай праграмы».

Увосень расейскі кошт на газ для Беларусі складаў каля 130-ці долараў за тысячу кубаметраў. Расейскія спажыўцы плацяць удвая менш, дзякуючы тамтэйшым федэральным субсідыям. Менск хоча, каб «Газпром» гэтак жа субсідаваў і беларускіх пакупнікоў блакітнага паліва і аднабакова пачаў плаціць за расейскі газ столькі, колькі ён сам лічыць справядлівым. Расея ў адказ, амаль удвая зменшыла пастаўкі ў Беларусь нафты ў другім паўгоддзі.

ВАДЗІМ ІОСУБ:

«Недапастаўка нафты дастаткова істотна бʼе па эканоміцы, бʼе па бюджэце. Гэта – недаатрыманая валютная выручка, гэта – недаплачаныя падаткі, уключна з мытам на экспарт нафтапрадуктаў, якія цалкам ідуць на абслугоўванне нашага валютнага доўгу».

Паводле старэйшага аналітыка «Альпары», вынікам стратаў ад нафтагазавага канфлікту для Беларусі стала паскарэнне падзення эканомікі, а значыць – i заробкаў. Але пры гэтым ён падкрэслівае, што ўклад нафтагазавага канфлікту ў рэцэсію не перавышае дзесяці адсоткаў ад сумы ўсіх астатніх яе чыннікаў. Асноўная ж прычына падзення эканомікі, мяркуе аналітык – адсутнасць структурных рэформаў. Без іх даходы беларусаў падалі б сёлета нават у тым гіпатэтычным выпадку, калі б Масква пайшла насустрач усім пажаданням Менску.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: Reuters