Цяпер і «Макдоналдс» на мове. Беларусы ў захапленні ад маштабнай беларусізацыі


Абслугоўваць ды гандляваць – па-беларуску. Сетка рэстаранаў «Макдоналдс» загаварыла на роднай мове. Некалькі дзён таму ў сталіцы зʼявіліся новыя білборды, аформленыя на беларускай.

«Гэта не маркетынгавы ход, гэта частка нашай маркетынгавай кампаніі. Мы беларуская кампанія, працуем у Беларусі, і для таго, каб быць яшчэ бліжэй да нашых кліентаў, гаворым з імі на беларускай мове», – патлумачыў Уладзіслаў Рыжыкаў, дырэктар маркетынгу кампаніі «Макдоналдс» у Беларусі.

Менчукі адрэагавалі пазітыўна

«Мне падабаецца, бо ў наш час захоўваць родную мову не проста»,

«Мы, па праўдзе кажучы, прыехалі з Расеі, але відаць, што шануюць, і мы гэта паважаем. Шануюць беларускую мову»,

«Прытрымліваюся меркавання, што ў Беларусі беларускую мову трэба бачыць хоць на якіх білбордах»,

«Безумоўна варта. Жывем у Беларусі, дык як без сваёй мовы?»,

– мяркуюць жыхары Менску.

Гарадзенцы таксама за беларускую мову

А ў Горадні ўжо амаль паўгода працуе крама «Еўраопт», якая абслугоўвае пакупнікоў на беларускай мове. Усе надпісы ў краме выкананыя па-беларуску, ніжэй драбнейшым шрыфтам ёсць пераклад на расейскую ды ангельскую мовы. Мы запыталіся ў гарадзенцаў, ці даспадобы ім родная мова ў «Еўраопце».

«А чаму мы мусім адракацца ад беларускай мовы? Чым яна кепская?»,

«Мне вельмі падабаецца, бо гэта мая родная мова. Прыемна, калі бачыш яе прыкметы, у тым ліку ў візуальных вобразах, на вуліцах нашых гарадоў»,

«Гэта ж наша нацыянальная культура, як без яе? Нікуды»,

– зазначылі гарадзенцы.

Не ўсё так добра, але ўжо нашмат лепш

Надпісы на роднай мове айчынныя кампаніі ў сваім афармленні выкарыстоўваюць усё часцей. Беларускі трэнд падхапіла і нацыянальная авіякампанія «Белавія» – гэтак, у свой час там зʼявіліся сурвэткі і цукар з надпісамі па-беларуску. Але разам з тым – здараюцца сітуацыі, калі і ў той жа «Белавіі» працаўнікі не тое што не размаўляюць, але і не разумеюць беларускай мовы.

Гэтак, жыхарка сталіцы Наталля Пінчук звярнулася да авіяперавозніка па тэлефоне і засталася не зразуметая.

Яшчэ раней абслугоўваць па-беларуску стала сетка аўтазаправак А-100. Паводле кіраўніцтва кампаніі, гэткі сацыяльны праект адраджэння мовы дазволіў загаварыць па-беларуску як самім працаўнікам аўтазаправак А-100, гэтак і іхным кліентам.

Віталь Бабін, «Белсат»