ЦВК прасеяла: каго не прапусцілі ў кандыдаты?


Першы дзень агітацыі для 558 зарэгістраваных кандыдатаў на дэпутацтва. І перадапошні дзень падачы скаргаў для больш як сотні незарэгістраваных вылучэнцаў. Конкурс у Палату прадстаўнікоў на сёння складае ажно 5 асобаў на месца.

Вылучаўся шляхам збору подпісаў, атрымаў адмову ў рэгістрацыі кандыдатам на дэпутата. Старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч спрабаваў праверыць аргументы камісіі:

«Сёння, калі я звярнуўся да акруговай камісіі на ўсходняй акрузе № 107, мне адмовілі – не далі зрабіць копіі, каб я мог супаставіць лічбы з тымі, што ёсць у пратаколе камісіі з рэальнымі подпісамі. Даведацца, што хаваецца пад заўвагаю «на аркушы нумар 3 подпіс нумар 7 несапраўдны».

Такім чынам палітыка пазбавілі магчымасці наведаць асобу, подпіс якой лічаць несапраўдным, і абараніцца перад камісіяй. Падобныя прэтэнзіі да выбарчых камісіяў маюць шматлікія апазіцыянеры, якія не прайшлі першы выбарчы этап. Хоць тых, хто атрымае пасведчанне кандыдата, значна больш.

Да прыкладу, каб не рызыкаваць, партыя БНФ не здавала ў камісіі подпісы ад тых сваіх ініцыятыўных групаў, якія атрымалі папярэджанне за парушэнні падчас збору подпісаў. Рыгор Кастусёў, старшыня партыі БНФ:

«Зрабілі асноўны акцэнт на падрыхтоўку дакументаў па партыйным вылучэнні, праз з’езд Партыі БНФ. Адметна, што нават на маёй акрузе камісія адзначыла высокую якасць дакументаў на вылучэнне мяне кандыдатам ад Партыі БНФ».

У старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва гэта ўжо пятая выбарчая кампанія, таму досведам сёлета дзяліўся з навічкамі. Аднак не ўсім гэта дапамагло. Бо правілы гульні зрабіліся больш жорсткімі – зрабіў выснову старшыня БСДП «Грамада» Ігар Барысаў:

«У 2019 годзе падчас гэтай кампаніі занадта шмат прадэмакратычных кандыдатаў, якіх трэба было вычысціць. Вось з нашай партыі з 41 чалавека вычысцілі 11».

Кандыдатамі ў дэпутаты не зарэгістравалі 3 з 4 праціўнікаў акумулятарнага заводу пад Берасцем, якія збіралі і падавалі подпісы адзінаю камандаю. Абскарджваць нерэгістрацыю будуць таксама дзейныя незалежныя дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая.

Агулам жа дакументы падавалі крыху больш за 700 чалавек, і толькі 558 з іх могуць распачынаць агітацыйную кампанію. Сярод іх гарадзенская актывістка Ларыса Жыгар:

«Мая задача і справа ўсяго майго жыцця – гэта дапамагаць моладзі. Асабліва моладзі, якая трапіла пад артыкул 328. Гэта прапісана і ў маёй праграме, якую я буду агучваць у аўторак у тэлебачанні».

Мясцовыя тэлеканалы маюць абавязак даць эфірны час усім кандыдатам. Кожны з іх атрымае на роўных умовах месцы для правядзення спатканняў з выбарнікамі, мітынгаў і пікетавання… Ці можам ужо цяпер назваць магчымых фаварытаў – запытваемся ў палітолага Юрыя Чавусава:

«Я б устрымаўся ад прагнозаў і канстатаваў тое, што ўжо ёсць. Мы бачым, што ўлады па-ранейшаму маніпулююць, канструююць выбарчую кампанію так, як ім хочацца. Яны не хочуць, каб там былі такія кандыдаты, ад якіх не вядома, чаго чакаць».

Пераабірацца плануюць каля траціны дзейных дэпутатаў. Што ведаюць пра іх дзейнасць выбарнікі?

«Не вельмі разумеем, чым яны займаюцца».

«Дэпутаты, прымаючы законы, думаюць аб тым, як палепшыць жыццё людзям».

«Займаюцца нечым вельмі важным, важным, адказным і патрэбным для народа Беларусі. Але чым менавіта – я без панятку».

«Не хаджу на выбары, бо не давяраю», – гавораць жыхары Віцебску.

Сам кіраўнік краіны сёння абмовіўся, што «Парламент мае быць ціхім і спакойным, але дзе трэба, каб і па мордзе маглі даць».

Юлія Цяльпук belsat.eu