Ціск на Пятра Парашэнку ўзмацняецца: допыт можа прайсці на дэтэктары хлусні


Дзяржаўнае бюро расследаванняў апытала яго ўжо некалькі разоў. Праўда, як сведку. Наступны допыт можа прайсці на дэтэктары хлусні. Адпаведнае рашэнне суда ўжо ёсць.

Facebook Пятра Парашэнкі, экс-прэзідэнта Украіны:

«Я гатовы прайсці дэтэктар хлусні на тэлеканале «Прамый». У прамым эфіры!»

Месца абралі не проста так. Апошні допыт быў звязаны якраз са справаю, дзе фігуруе тэлеканал «Прамый» («Прямий»). Нібыта пры набыцці медыярэсурсу атачэнне Парашэнкі не сплаціла падаткаў. Сам ён называе расследаванне супраць тэлеканалу спробаю рэйдарскага захопу.

«Я не давяраю Дзяржаўнаму бюро расследаванняў. Я не давяраю іх кіраўніцтву. Я не веру ў аб’ектыўнасць і непрадузятасць расследавання. У Партнова ёсць доступ да ўсіх без выключэння матэрыялаў следства», – гаворыцца ў Facebook Пятра Парашэнкі.

Андрэй Партноў – юрыст. Быў намеснікам кіраўніка адміністрацыі збеглага прэзідэнта Віктара Януковіча. У 2014-м з’ехаў з краіны і толькі ў траўні сёлета, пасля перамогі Уладзіміра Зяленскага на прэзідэнцкіх выбарах, вярнуўся ва Украіну. Генпракуратура падазравала Партнова ў датычнасці да масавых забойстваў на Майдане. Адразу па вяртанні ва Украіну ён напісаў некалькі заяваў у Дзяржаўнае бюро расследаванняў.

«Лічым Парашэнку датычным да дзяржаўнай здрады, спробы захопу дзяржаўнай улады, перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў», – адзначае юрыст Андрэй Партноў.

«На Сіцыліі гэта назвалі б вендэтаю. Звычайна гэта звязана з забойствамі, але тут гаворка ідзе пра палітычную вендэту. Хаця Парашэнка не гаворыць пра палітычны пераслед. Гэта характарызуе яго як вопытнага палітыка», – тлумачыць Руслан Семянюк, палітычны эксперт.

Андрэя Партнова медыі звязваюць з алігархам Ігарам Каламойскім, з якім у Пятра Парашэнкі за гады кіравання склаўся канфлікт. Бізнесовец пакінуў Украіну пасля працяглага супрацьстаяння з уладамі за кантроль над дзяржкампаніямі «Укрнафта» і «Укртранснафта». Найбуйнейшы банк Украіны «Прыват Банк», які належаў Каламойскаму, нацыяналізавалі. Сваіх сяброўскіх адносінаў з Партновым алігарх не хавае. Чарговы крок Партнова супраць Парашэнкі – пазоў у суд.

Facebook Пятра Парашэнкі, экс-прэзідэнта Украіны:

«Матэрыялы «справы маракоў», нягледзячы на ​​таямніцу следства, Дзяржаўнае бюро расследавання перадало спадару Партнову. Потым ён перадаў гэтую інфармацыю сталаму прадстаўніку Расеі ў ААН Васілію Нябензю. Агрэсар выкарыстаў гэтыя звесткі падчас паседжання Рады бяспекі ААН у Нью-Ёрку для нападу на пазіцыі Украіны».

Пасля гэтых словаў Парашэнкі Партноў заявіў, што яны закранаюць ягоныя гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Цяпер патрабуе, каб іх прызналі непраўдзівымі. Андрэй Бузараў, палітолаг:

«Палітызацыя працэсу, вядома, прысутнічае. І я не выключаю, што паміж Партновым і новаю ўладаю, магчыма, могуць быць нейкія скаардынаваныя дзеянні, бо калі паглядзець на юрыдычны бок усіх вось гэтых працэсаў супраць Парашэнкі, то яны вельмі пісьменныя. Гэта значыць, нельга казаць, што тут цісне дзяржава. Крымінальныя справы пачынаюцца з ініцыятывы прыватных асобаў».

На сённяшні момант ва Украіне адкрылі 13 справаў супраць атачэння Пятра Парашэнкі. Ні ў адной з іх пяты прэзідэнт не праходзіць падазраваным.

Ян Вярбіцкі, Алег Рашатняк, belsat.eu