Ціханоўская: «Тактыку пратэстаў трэба змяняць»


Народная абранніца Святлана Ціханоўская разам з прэзідыумам Каардынацыйнай рады выпрацавалі і агучаць бачанне, што да змены тактыкі пратэставай хвалі.

Пра гэта «Белсату» паведаміла прэс-сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна. Як дзее ўлада ў гэтыя тры месяцы і што рабіць, каб нелегітымную ўладу перамагчы?

У апошнія дзве нядзельныя акцыі сілавікі вярнуліся да жорсткай тактыкі затрыманняў 9-11 жніўня – зазначыла народная абранніца ў інтэрв’ю тэлеканалу «Дождь»:

«Рэжыму таксама страшна. Але ён абраў такі від барацьбы. Нам неабходна мяняць тактыку дзеля таго каб людзей не падстаўляць. Над гэтым вядзецца вялікая праца», – сказала Ціханоўская.

Колькасць людзей, якія пратэстуюць на вуліцах, змяншаецца, але ў галовах тых, хто перастаў выходзіць, не змяняецца палітычны густ! Таму Святлана Ціханоўская лічыць, што пратэсты рух не зменшыўся. Каардынацыйная рада паведаміла «Белсату», што 12 лістапада зробіць заяву (ці прапанову) што да новай тактыкі супрацьстаяння вертыкалі Лукашэнкі.

Чаму мірныя пратэсты цягам трох месяцаў не прывялі беларусаў да галоўнай мэты – правядзення новых справядлівых выбараў і змены ўлады ў выніку…

«Калі казаць пра заяўленыя мэты змены ўлады, канешне, дасягнутых вынікаў, пры якія мы можам сказаць «мы гэта зрабілі» – так, няма. З гэтымі метадамі і з гэтым перыядам часу, які прайшоў, дасягненне гэтых мэтаў не было магчымае», – мяркуе палітолаг Вольга Харламава.

На думку палітолага, ад абранага беларусамі шляху змагання не трэба чакаць хуткага выніку. Трэба разлічваць прынамсі на год з умоваю, што кожны будзе праяўляць актыўнасць, якую можа. Агульнапрызнанаю сярод беларусаў ёсць беспрэцэдэнтнае абуджэнне грамадства.

«Яно бянтэжыць уладу, – працягвае Вольга Харламава, – але дзеля таго каб спрацавалі негвалтоўныя метады, трэба каб раздражненне (улады – заўв. «Белсат») і непрыняцце сітуацыі дайшло да крытычнага стану. Гэта патрабуе рэальна шмат часу. Пытанне – ці ёсць у нас гэты час?»

Выглядае на тое, што няма. Аляксандр Лукашэнка абвесціў апазіцыйных сабе грамадзянаў тэрарыстамі, і раздае ўсё больш жорсткія загады. Лекарам заявіў:

«Уехаў, назад не вернешся. Там будзеш зарабляць тыя вялікія грошы, за якімі ты паехаў. Гэта не пагроза, гэта загад для ўраду».

Быў і загад, які закранае тых 17 тысяч беларусаў, якія пакінулі краіну праз рэпрэсіі:

«Не пускаць у краіну не толькі людзей з чужым пашпартам, але і тых разумных, якія пакінулі краіну ў гэты няпросты час».

Не так шмат часу засталося і да чарговага перапісвання Канстытуцыі пад свежае бачанне Лукашэнкі.

«Будзе толькі так, як вырашыць народ. Ніякай фальсіфікацыі не будзе! Якую Канстытуцыю прыме наш народ, такая і будзе. Такое будзе ў нас жыццё і такая ўлада».

Што дапаможа пазбегчы такога сцэнара, разважаюць менчукі:

«Ягоная смерць. Ён жа сказаў, што нікому нас не перадасць, пакуль не памрэ».

«Калі эканоміка дасць расколіну. Суседзі ці Еўразвяз».

«Нічога, бо там ні сораму, ні сумлення няма».

«Думаю, што толькі Пуцін».

Прапановаў Каардынацыйнай рады чакаем ужо назаўтра.

Юлія Цяльпук, «Белсат»