На высокім узроўні – як прадстаўніка дзяржавы – сустрэлі ў Варшаве кандыдатку на прэзідэнцтва Святлану Ціханоўскую. Лідарка беларускага дэмакратычнага руху правяла перамовы з кіраўніком польскага ўраду, а таксама сустрэлася з мясцовымі беларусамі. Пра што размаўлялі ў Варшаве?
Кветкамі ды сцягамі беларусы Варшавы вітаюць Святлану Ціханоўскую. Лідарка беларускага пратэставага лета сустрэлася з прэм‘ерам Польшчы ды кіраўніком легендарнага польскага прафзвязу «Салідарнасць». Як дапамагчы беларускай грамадзянскай супольнасці, перадухіліць эканамічную катастрофу і змусіць Аляксандра Лукашэнку да перамоваў пра перадачу ўлады – гэта асноўныя тэмы размоваў польскіх уладаў з прадстаўнікамі беларускага грамадства.
«Улады думаюць, што калі яны вышлюць за межы ўсіх лідараў грамадскай думкі Беларусі, то пратэсты сціхнуць, аднак яны не разумеюць, што маніфестацыямі кіруюць не лідары, а самі людзі. Мы аб’яднаныя ў нашай барацьбе, мы ўсе хочам пераменаў, і ўлады не змогуць выслаць усіх людзей з краіны», – заявіла ў Варшаве экс-кандыдатка на прэзідэнцтва.
У перамовах узялі ўдзел Вольга Кавалькова і Павел Латушка – чальцы Прэзідыуму Каардынацыйнае рады, якіх улады вымусілі пакінуць Беларусь. На сустрэчу са Святланай Ціханоўскай прыйшла і Вераніка Цапкала. На лячэнне ў Польшчу ўжо прыехалі людзі, якія пацярпелі ад рук сілавікоў, – заявіў польскі прэмʼер.
«Не сумняюся, што гэтая барацьба за нашу і вашу свабоду скончыцца поспехам. У свой час мы чакалі свабоды больш за 120 гадоў. Цяпер свабоды і суверэннасці прагнуць нашыя браты-беларусы», – нагадаў Матэўш Маравецкі.
На знак салідарнасці Матэвуш Маравецкі перадаў ключы ад новай сядзібы Беларускага дому ў Варшаве. Польшча будзе дамагацца, каб Еўразвяз дапамог беларускаму грамадству эканамічна ды адкрыўся для беларускіх тавараў – паведаміў прэмʼер. Сябра парламенцкае групы ў супрацы з Беларуссю Міхал Шчэрба заявіў, што Варшава ўжо гатовая прыняць беларускіх прадпрымальнікаў.
«Калі яны не змогуць працягваць эканамічную дзейнасць у Беларусі з палітычных прычынаў, то мы на пераходны перыяд запрашаем іх у Польшчу. Мы не хочам атрымаць высокакваліфікаваных працаўнікоў, але хочам даць ім магчымасць дзеіць, каб у будучыні яны маглі развіваць Беларусь», – растлумачыў Міхал Шчэрба.
Польшча з іншымі краінамі Еўразвязу будзе пераконваць Аляксандра Лукашэнку пачаць перамовы пра перадачу ўлады.
«Польшча і ўвесь Еўразвяз могуць быць пасярэднікамі ў перамовах, каб Лукашэнка меў адчуванне, што яму ўдасца захаваць важныя для сябе рэчы. Неабходна, каб ён нарэшце сеў за гэты стол перамоваў, а не бегаў па горадзе з аўтаматам», – лічыць дэпутатка Сейму Польшчы Моніка Фалей.
Сябры Каардынацыйнай рады і прэмʼер Польшчы абмеркавалі, як міжнароднай супольнасці кантактаваць з Менскам пасля таго, як сённяшні прэзідэнцкі тэрмін Лукашэнкі скончыцца.
«Былы прэзідэнт Лукашэнка мае ўмоўную легітымнасць да 5 лістапада. Гэта добры час менавіта для транзіту, а не для калецтва беларусаў на вуліцах», – падкрэсліў кіраўнік Цэнтру еўрапейскае салідарнасці Улад Кобец.
На вуліцах Варшавы мясцовыя беларусы сустрэлі Ціханоўскую воклічамі «Света – прэзідэнт!».
«Перамены абавязкова адбудуцца, і нелегітымны прэзідэнт пакіне нашую краіну. Куды ён паедзе – да арабаў ці расейцаў – мне не важна. У нас ёсць абраны прэзідэнт, і мы за яе!»
«Я прыйшла сюды павітаць Святлану Ціханоўскую і падтрымаць неверагодных, любімых беларусаў у іхнай барацьбе, імкненні да незалежнасці і свабоды, да справядлівых выбараў».
«Усіх прашу: ні ў якім разе не здавацца! Мы актыўна сочым за вамі. Толькі наперад і толькі перамога! Дзякую, сябры!» – казалі нам беларусы Варшавы.
Пасля сустрэчы з прэмʼерам, адкрыцця Беларускага дому ў Варшаве і выступу ў Варшаўскім універсітэце на ўрадавым самалёце Святлана Ціханоўская вылецела ў горад Карпач на поўдні Польшчы. Там пачаўся Еўрапейскі эканамічны форум.
Аляксандр Папко, «Белсат»