Ціханоўская скарае Гомельшчыну


Агітацыйныя пікеты Святланы Ціханоўскай па-ранейшаму збіраюць тысячы людзей. І ўсё больш з іх прыходзяць з гістарычнаю, сапраўднаю беларускай сімволікай – з бел-чырвона-белымі сцягамі. У гэтыя хвіліны пікет адбываецца ў другім паводле велічыні горадзе Беларусі – у Гомлі. Удзень кандыдатка наведала меншыя гарады. Што хвалюе жыхароў гэтых паселішчаў? Распавядзе Аляксандр Папко.

Некалькі тысячаў чалавек пад нацыянальнымі ды дзяржаўнымі сцягамі. Сямідзесяцітысячны Жлобін стаў дзявятым горадам, які Святлана Ціханоўская наведала за тыдзень.

«Я рада бачыць такую вялікую колькасць вачэй, якія глядзяць на мяне. Вы глядзіце на мяне, я гляджу на вас, і мы ўсе – за перамены!» – заяўляе кандыдатка на прэзідэнцтва.

«Пераменаў!» – усклікаюць жлобінцы.

Выпусціць асуджаных паводле эканамічных артыкулаў і палітвязняў, а таксама прызначыць новыя прэзідэнцкія выбары. Такія першыя крокі абяцае зрабіць Святлана Ціханоўская, калі прыйдзе да ўлады. А якіх пераменаў жадаюць жыхары прамысловага гораду?

«26 гадоў я не бачу прасвету. Ні для беларускасці, ні для развіцця эканомікі».

«Усё ляжыць у руінах! Нават узяць наш Жлобін: металургічны завод ледзьве дыхае, рамонтны завод зачынілі, мехавая фабрыка стаіць!»

«Хацелася б справядлівасці, права голасу, годных заробкаў, годных пенсіяў людзям!» – прызнаюцца жыхары Жлобіна.

Няма працы, мужчыны вымушаныя выязджаць на падпрацоўкі за мяжу, а моладзь – пераязджаць у вялікія гарады. Падобныя праблемы на пікеце агучылі жыхары Быхава.

«Няма развіцця нідзе, і ўжо 26 гадоў. Шмат у каго ёсць дзеці. У мяне двое дзяцей. Майму сыну 20 гадоў. І паверце, яму нецікава чуць пра хракоў і свінаматак!» – абураецца жыхарка Быхава.

На пікет каманды Ціханоўскай у 17-тысячным Быхаве прыйшлі 300 чалавек.

«Лепшага жыцця хочам, каб заробкі былі, каб магчымасць была дзяцей расціць, каб можна было падарожнічаць».

«Надакучылі жабрачыя заробкі. Я працую педагогам і атрымліваю 200 долараў»,

«26 гадоў мы жывем пры той самай уладзе, і хочацца нечага іншага. Чаго – мы самі не ведаем. Магчыма, пры новай уладзе будзе горш, хаця горш ужо няма куды. І хочацца запытаць – а дзе ж Святлана?» – пытаецца мясцовы жыхар.

Пікет праводзілі давераныя асобы Святланы Ціханоўскай.

«Ціханоўская не можа аб’ехаць усе гарады. Іх каля 200 у нашай краіне. Яна і так робіць па тры сустрэчы за дзень. Мы бачым, як яна стамляецца. Гэта не так усё проста. Таму працуюць давераныя асобы. І мы хочам аб’ехаць амаль усе раённыя цэнтры Магілёўскай вобласці», – паведамляе давераная асоба Святланы Ціханоўскай Уладзімір Шанцаў.

Партрэты палітвязняў, песні Віктара Цоя і нацыянальныя сцягі – каля трохсот чалавек выйшлі на пікет у 18-тысячных Пружанах. Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава тым часам наведалі шасцідзесяціпяцітысячную Рэчыцу – цэнтр беларускай нафтаздабычы.

«Мы хацелі б, каб ён [Лукашэнка – А.П.] адказаў за ўсё тое, што ён натварыў у краіне: за тых, хто ў турме, за тых, хто, як кажуць, быў забіты, за тую кроў, якая ў яго на руках!»

«- Каб былі ў краіне перамены, каб краіна развівалася далей, каб людзі жылі і радаваліся жыццю.

– І каб у Еўразвяз уступілі!

– Усё, што патрэбна чалавеку!» – дзеляцца сваімі марамі жыхары Рэчыцы.

Як зрабіць так, каб памкненням да пераменаў не перашкодзілі выбарчыя фальсіфікацыі?

«Трэба ўжо падчас датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў прыходзіць на ўчасткі за гадзіну перад іх закрыццём, стаяць на гэтых месцах і чакаць тых, хто падлічвае галасы. Каб ім было і сорамна, і трохі трывожна», – раіць філосаф-метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Галасаваць толькі ў асноўны дзень і адпраўляць на платформу «Голас» фатаграфіі запоўненага бюлетэню – такі рэцэпт супраць фальсіфікацыяў прапаноўвае на мітынгах каманда Святланы Ціханоўскай.

Аляксандр Папко, «Белсат»