Ці завядуць крымінальную справу па забойству Бандарэнкі?


Забойства Рамана Бандарэнкі нібы ўзялі на кантроль, але злачынцы і па сёння застаюцца непакараныя.

«Адзінае дастойнае рэагаванне – меней шуму вакол гэтага». Вось так бачыць сітуацыю пасля смерці Рамана Бандарэнкі памочнік Лукашэнкі па Гарадзенскай вобласці ды былы міністр унутраных справаў Юрый Караеў. Між тым, раней Лукашэнка казаў, што ўзяў гэтую справу на свой кантроль. Потым абяцаў расказаць шмат цікавага.

Лукашэнка інтрыгі не раскрыў, а Міністэрства ўнутраных справаў не распачало ніводнай крымінальнай справы аб забітых падчас пратэстаў беларусаў. Замест гэтага ўзяліся за журналістку Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Афіцыйна – за распаўсюд медычнай таямніцы.

Агулам паводле праваабарончага цэнтру «Вясна» з пачатку пратэстаў супраць беларусаў завялі больш за 900 крымінальных справаў. Загінулых непасрэдна падчас пратэстаў – прынамсі чатыры асобы: Аляксандр Тарайкоўскі, Аляксандр Віхор, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка. Усе выпадкі міліцэйскага ґвалту фіксуюцца ў Адзінай кнізе рэгістрацыі злачынстваў.

«Усе выканаўцы, вінаватыя ў злачынствах супраць мірных беларусаў, будуць пакараныя. Пакаранне наступіць. Калі мы кажам пра сённяшні заклік, гэта для нас вельмі важны праект з пункту гледжання назапашвання інфармацыі аб тых злачынствах, якія былі здзейсненыя, аб асобах, датычных да гэтых злачынстваў, аб сведках, якія мелі інфармацыю ці бачылі злачынствы, якія адбываюцца, на жаль, у нашых гарадах Беларусі», – распавядае кіраўнік народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, сябра прэзідыуму каардынацыйнай рады Павел Латушка.

Перш за ўсё трэба будзе змяніць судовую сістэму, лічыць палітолаг Вольга Харламава.

«Прыклад Украіны для нас у гэтым плане мусіць быць паказальным. Не змяніўшы своечасова, не прайшоўшы атэстацыю судовай сістэмы, можна цалкам заваліць любыя самыя лепшыя намеры і самую лепшую працу іншых структураў і іншых органаў», – кажа адмыслоўца.

Падобна, што ўлады мінусаў сістэмы не бачаць увогуле. Караеў распавёў каналу СТВ, як на трэці дзень працы ў Горадні да яго падышлі невядомыя і падзякавалі яму ды ўсяму міністэрству за ўратаванне краіны.

Некаторыя гарадзенцы сцвярджаюць гэта.

«Гэта мой саслужыўца. Такой жа, як і я. Толькі я з ім не служыў ніколі. Таму не трэба мне. Падыдзіце да яго, ён вам сам усё раскажа».

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна» толькі на ўчорашнім Маршы волі затрымалі больш за 300 асобаў.

Надзея Бельская, belsat.eu