Ці зарэгіструюць апанентаў Лукашэнкі?


Роўна чатыры тыдні да выбараў і два дні да рэгістрацыі кандыдатаў. Ці ў бюлетэні для галасавання мы ўбачым прэтэндэнтаў у прэзідэнты – Валера Цапкалу, Віктара Бабарыку і Святлану Ціханоўскую? Высвятляў Аляксандр Папко.

Валер Цапкала не пакідае надзеі зарэгістравацца. Каманда патэнцыйнага кандыдата атрымала доступ да падпісных лістоў. Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі забракавалі больш за палову са 160 тысячаў сабраных ім подпісаў.

«Дзесьці там быў указаны горад, адрас, але не ўказаны раён, а раён трэба было ўказваць. Былі іншыя фармальныя рэчы, якія дакладна не рэгламентуюцца. Таму мы рыхтуем нават па гэтых юрыдычных і фармальных прэтэнзіях зварот у Цэнтральную выбарчую камісію», – дзеліцца планамі Валер Цапкала.

Штаб Віктара Бабарыкі падаў на ЦВК у суд. Механізму абскарджання пратаколаў, у якіх тэрытарыяльныя камісіі адбракавалі подпісы, Выбарчы кодэкс не прадугледжвае. Гэтак Цэнтрвыбаркам раней адказаў на скаргу каманды Бабарыкі. У яго забракавалі 200 тысяч з 365 тысяч подпісаў. У трэцяй фаварыткі кампаніі, Святланы Ціханоўскай, значных праблемаў з подпісамі не выявілі. Яна ўжо набірае каманду.

«У гэтай песні каманды Ціханоўскага «Муры рухнуць» гаворыцца, што трэба націснуць плячом. Нашых плячэй недастаткова. Патрэбныя ўсе плечы беларусаў. І тады ў нас атрымаецца! І мы будзем жыць у краіне для жыцця!» – заклікае прадстаўніца каманды Святланы Ціханоўскай Юлія Сырых.

Чые імёны надрукуюць на бюлетэні для галасавання – ЦВК пастановіць 14 ліпеня.

«Калі пачаліся такія дзеянні, пра якія мы ўсе ведаем, супраць Віктара Бабарыкі, то лагічным працягам будзе яго нерэгістрацыя. Магчыма, нешта не тое знойдуць у яго падаткавай дэкларацыі. Калі Цапкала, паводле ЦВК, не сабраў адпаведнае колькасці подпісаў, то няма сэнсу гуляць у складаныя гульні», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Сабраныя подпісы ў ЦВК падалі 7 ініцыятыўных групаў: група Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы, Святланы Ціханоўскай, Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Чэрачня, Ганны Канапацкай і Андрэя Дзмітрыева. Каго з іх, на думку грамадзянаў, зарэгіструюць?

«Канапацкую, Дзмітрыева зарэгіструюць. Трэба ж стварыць бачнасць выбараў!»

«Будуць дапушчаныя тыя, хто ніякай ролі не грае і ніякай пагрозы не стварае для дзейнай улады».

«Зарэгіструюць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Гэта я дакладна ведаю!»

«Мы жанчыны пажылыя, далёкія ад палітыкі, нам бы не было вайны – і ўжо добра!» – кажуць жыхары Менску.

Тыя, каго зарэгіструе ЦВК, пасля атрымання пасведчання змогуць пачаць агітацыю. На яе ўлады адвялі толькі 25 дзён.

Аляксандра Папко, «Белсат»