Аб'ектыў 15.04.2016 Ці выпрасім крэдыт МВФ?


https://youtu.be/mGiMrcxG_Ac

Чарговая спроба атрымаць чарговы крэдыт. Сёння ў Вашынгтоне беларуская дэлегацыя бярэ ўдзел у Вясновай сесіі МВФ і Сусветнага банку, дзе працягне перамовы аб атрыманні новага крэдыту. Якія перспектывы новай праграмы Менску з Фондам і што гэта прынясе звычайным беларусам? Разбіраўся Станіслаў Івашкевіч.

Крэдыт узамен на рэформы. Гэткае пагадненне афіцыйны Менск меў падпісаць з МВФ яшчэ летась у лістападзе. Але прыезд прадстаўніка Фонду ў беларускую сталіцу аказаўся марны. Гешэфт тады сарваўся.

На думку фінансавага аналітыка Аляксандра Мухі, прычына была ў негатовасці ўладаў Беларусі да рынкавых рэформаў, а таксама ў палітычных перашкодах.

«У гэтым выпадку ЕЗ і ЗША, як асноўныя акцыянеры МВФ могуць настойваць на правядзенні больш заўважных дэмакратычных зменаў у Беларусі, і тут ёсць рызыка, што беларускі бок можа не пайсці на пэўныя саступкі ў гэтым кірунку», – кажа Аляксандр Муха, аналітык «Businessforecast.by».

Але, канстатуе аналітык, эканамічная сітуацыя змушае Менск прынамсі весці перамовы на гэтую тэму. Сёлета Беларусь павінна выплаціць амаль тры з паловаю мільярды долараў пазыкаў, узятых раней. У запланаваным на 2016 год бюджэце на гэтыя мэты бракуе паўтара мільярда, якія мяркуюць атрымаць за кошт замежных крэдытаў.

«У гэтым сэнсе можна казаць, што беларускі бок сапраўды сур’ёзна зацікаўлены ў тым, каб залучыць новы крэдыт МВФ, бо інакш можна чакаць адмоўных наступстваў для эканомікі і гэта будзе перакладвацца на плечы насельніцтва», – працягвае Аляксандр Муха.

Раней міністр фінансаў Беларусі Уладзімір Амарын заявіў, што і планаваныя на сёння пазыкі на фондавых рынках залежаць ад таго, ці атрымае Беларусь падтрыманне МВФ. Які шлях абяруць улады: захады для раздзяржаўліванні эканомікі ды дэмакратызацыі ці павелічэнне збораў з насельніцтва – стане вядома бліжэйшымі месяцамі.

Станіслаў Івашкевіч

Глядзі таксама
Каментары