Ці выгодна дабірацца на працу зімой на ровары?


Сёння Беларусь далучылася да акцыі «На працу на ровары зімой». Ці зручна ў халодны час выкарыстоўваць ровар, і ці шмат хто гэта робіць у нашай краіне, правярала Вольга Чайчыц.

Я і летам ніколі на працу на ровары не ездзіла, а тут – зімою. Але паспрабую. Бо сёння праходзіць акцыя «На працу на ровары ўзімку». Акцыю ладзяць ува ўсім свеце ўжо сёмы раз. Беларусь да яе раней тройчы далучалася, але заўжды ў цёплы час года. Настасся Янчэўская, Менскае роварнае таварыства:

«Упершыню мы яе праводзім узімку. Восенню мы раздаём фрукты раварыстам, і ў нас каля 500–600 раварыстаў за некалькі гадзінаў. А зімой частуем гарачымі напоямі і булачкамі. Сёння могуць прыехаць раварысты ў цэнтры ў кавярню «Coffee Porappo», атрымаць напой, пагутарыць са сваймі сябрамі, аднадумцамі».

Узімку ўдзельнікаў не так шмат, але ўсё адно ахвочых хапае. Акцыю з пачастункамі ладзяць таксама ў Гомлі, Берасці і Магілёве. Удзельнікі акцыі распавядаюць:

«Мы заўжды катаемся на роварах, ездзім, перасоўваемся па горадзе, гэта зручней і хутчэй, чымся грамадскі транспарт. Даведаліся пра акцыю, вырашылі заехаць. Адзіны мінус, што праз соль ровар хутчэй зношваецца. А так цалкам камфортна. Галоўнае – пальчаткі цяплейшыя, бо рукі мерзнуць».

«Я пачаў ездзіць, калі яшчэ амаль нічога не было з інфраструктуры. У параўнанні з гэтым стала прасцей. Можна шмат дзе пераязджаць на ровары ўжо, там, дзе раней трэба было пешшу ісці з роварам, гэта вельмі нязручна было».

Для язды зімою не патрэбнае асаблівае абсталяванне ці адмысловы ровар. Звычайны гарадскі цалкам пасуе. Максім Пучынскі, адмысловец у роварнай інфраструктуры:

«Трэба ехаць больш акуратна. Паварочваць не корпусам, а рулём, акуратна праходзіць павароты. Каб быць больш упэўненым, лепш набыць апоны з шыпамі. Тады язда па лёдзе будзе больш бяспечнаю».

Таксама не варта баяцца холаду: цела ад нагрузак будзе разагравацца. А вось уцяпліць рукі і ногі трэба, на далёкія адлегласці можна надзець накаленнікі.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu