Ці ўратуе нафта ад крызісу?


Золатавалютныя рэзервы Беларусі за 1 месяц зменшыліся на мільярд рублёў. На што пайшлі рэзервы Нацыянальнага банку? Што можна зрабіць, каб яшчэ болей не пагоршыўся стан эканомікі? Можа, удасца заашчадзіць, набываючы танную нафту?

«Стаць незалежнымі ад нафтавых гульняў буйных дзяржаваў» – загадаў ураду Аляксандр Лукашэнка. Улады хочуць папоўніць запасы нафты, пакуль яе вытворцы не дамовіліся і цэны не пайшлі ўгару.

«Нават гэтая пандэмія і псіхоз на іх ніяк не ўплываюць. Таму вочы ва ўсіх «пазелянелі», калі яны адчулі падзенне даходаў. Мы за гэтым назіраем, і давайце шчыра казаць, нам у гэтай сітуацыі трэба зарыентавацца», – заявіў на адмысловай нарадзе Аляксандр Лукашэнка.

Зарыентавацца – значыць зэканоміць. Праз эпідэмію каронавіруса сусветная эканоміка замерла, і цэны на нафту ўпалі амаль у 5 разоў. Яшчэ больш – у 12 разоў – знізілася цана, па якой расейскую нафту купляе нашая краіна. У студзені за тону сыравіны Менск плаціў 349 долараў, цяпер – толькі 30.

«Калі мы будзем купляць па сусветных коштах (не па 4 долары за барэль, як хацеў Румас, а па 15), то мы на набыцці нафты зэканомім каля 3 мільярдаў долараў. Аднак мы не заробім на продажы нафтапрадуктаў. Трэба глядзець не колькі мы можам перапрацаваць, а колькі нам камерцыйна мэтазгодна перапрацаваць», – пракаментаваў дырэктар Даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Усе краіны, у якія мы прадаем тавары, закрыліся на каранцін. У нас жа растаюць золатавалютныя рэзервы. За мінулы месяц яны зменшыліся больш як на мільярд долараў. У чаканні эканамічных праблемаў грамадзяне і фірмы купляюць валюту.

«У суме каля 900 мільёнаў долараў. Каб задаволіць гэты попыт, і былі патрачаныя рэзервы Нацыянальнага банку», – тлумачыць старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

У бліжэйшы час беларускі рубель моцна не пахіснецца, чаго нельга сказаць пра становішча прадпрыемстваў – мяркуе Вадзім Іосуб. Па беларускай эканоміцы крызіс, выкліканы каронавірусам, ударыць мацней, чым па гаспадарцы заходніх і ўсходніх суседзяў, – прагназуе Яраслаў Раманчук:

«Беларускі ВУП у 2020 годзе можа скараціцца на 10–15 адсоткаў, а можа нават і болей. Калі немцы прагназуюць спад на 7–10 адсоткаў, амерыканцы кажуць, што ў другім квартале зваляцца на 25 %. А Беларусь – гэта адкрытая эканоміка. Расея не працуе да 1 траўня. Калі яны запрацуюць, ніхто не ведае. Ідэальны шторм».

На думку эканаміста, падчас гэтага шторму ўрад зрабіў захады, якія могуць патапіць вытворцаў і справакаваць дэфіцыт. Урад замарозіў цэны на 25 відаў тавараў: ад бульбы і сасісак да туалетнай паперы і медычных масак.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum