Ці страшныя Расеі санкцыі ЗША супраць банкаўскага сектару?


Злучаныя Штаты актывізавалі санкцыйную палітыку супраць Расеі. Неўзабаве могуць прыняць абмежаванні ў дачыненні кампаніяў, што ўдзельнічаюць у будаўніцтве газаправоду «Паўночная плынь – 2». Гэтаксама Кангрэс плануе разгляд закону аб абароне бяспекі ЗША ад агрэсіі Крамля праз лімітаванне банкаўскага сектару Расеі.

Злучаныя Штаты яшчэ да канца года могуць прагаласаваць за санкцыі супраць банкаўскага сектару Расеі. Дакумент, што атрымаў назву «санкцыі з пекла», апублікавалі сёлета ў лютым. Вядзецца ў ім пра супрацьдзеянне расейскай «агрэсіі супраць Украіны» і «умяшанне Масквы ў амерыканскія выбары». Расея працягвае настойваць: ніякіх доказаў яе ўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў няма.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Усе спекуляцыі адносна ўяўнага ўмяшання беспадстаўныя. Ніякіх фактаў, якія б гэта пацвярджалі, мы не бачылі», – сцвярджае кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў.

Тым не менш, праект Закону пра абарону бяспекі ЗША ад агрэсіі Крамля ўжо ў сераду можа зацвердзіць Камітэт сенату ў міжнародных стасунках кангрэсу ЗША. Між іншага, дакумент прадугледжвае забарону на набыццё новых выданняў аблігацыяў дзяржаўнага доўгу Расеі. Аднак некаторыя эксперты лічаць, што расейскай эканоміцы гэта не пагражае нічым сур’ёзным – набываць аблігацыі гатовыя не толькі амерыканскія інвестары.

«Пры ўсім тым, што Расея нарабіла на міжнароднай арэне, гэтыя санкцыі не маюць дачынення да таго, каб пакараць «кепскага гульца». Яны не закранаюць сур’ёзна жыццёва важных інтарэсаў. Сурʼёзныя санкцыі – гэта забарона на экспарт нафты, забарона на правядзенне доларавых разлікаў. Нічога такога не будзе ў дасяжнай перспектыве», – перакананы фінансіст з Масквы Арцём Тарчынскі.

Нафту – не, а вось расейскі газ амерыканскія санкцыі могуць закрануць. Улады ЗША ўзгаднілі новы абаронны бюджэт краіны, дзе ідзе гаворка пра санкцыяў у дачыненні замежных кампаніяў, якія даюць караблі для будаўніцтва газаправодаў «Паўночная плынь – 2» і «Турэцкая плынь». Бюджэт мусіць ухваліць Кангрэс ЗША і падпісаць прэзідэнт краіны Доналд Трамп.

«Літаральна апанаваны жаданнем зрабіць усё, каб разбурыць нашыя стасункі», – падкрэслівае Сяргей Лаўроў.

Абмежавальныя захады супраць «Паўночнай плыні – 2» раскрытыкавалі таксама ў Нямеччыне, маўляў, яны ўдараць па суверэнітэце Еўразвязу. Апроч таго, ва Усходнім камітэце нямецкай эканомікі ўпэўненыя, што абмежаванні супраць «Паўночнай плыні – 2» удараць і па мірным працэсе на Данбасе.

«Прэзідэнт Украіны Зяленскі дамогся такога прагрэсу ў апошнія месяцы дзякуючы смелай палітыцы. Праз новыя санкцыі ЗША пад пагрозаю акажуцца гэтыя дасягненні, а таксама магчымае пагадненне паміж Расеяй і Украінаю пра новы кантракт на транзіт прыроднага газу да канца года», – тлумачыць Олівер Гэрмэс, старшыня Усходняга камітэту нямецкай эканомікі.

Эксперты перакананыя, «Паўночнай плыні – 2», якая ўжо гатовая амаль на 90 %, санкцыі не пагражаюць. Яны могуць толькі адтэрмінаваць запуск, праз што Кіеў атрымлівае дадатковыя козыры ў перамовах з Расеяй.

«Гэта вельмі важна, сярод іншага, для Кіева, які цяпер праводзіць перамовы з Расеяй пра новую транзітавую дамову. Для Украіны транспартаванне расейскага газу – пытанне бяспекі як унутранай, гэтак і вонкавай. Таму любая адтэрміноўка запуску гэтага газаправоду ім на руку», – лічыць рэдактар парталу «ENERGETYKA24.COM» Якуб Вех.

Разблакаванне перамоваў паміж Украінаю і Расеяй пацвердзілі прэзідэнты абедзвюх краінаў пасля саміту «Нармандскай чацвёркі». Пасля сустрэчы з Лаўровым магчымую актывізацыю двухбаковага гандлю пры ўмове паляпшэння стасункаў канстатаваў таксама амерыканскі прэзідэнт.

Дзяніс Шпігаў, Ірына Дарафейчук belsat.eu