Ці расце рэальная дапамога на дзяцей?


З першага лютага вырастуць дапамогі на дзяцей да 3 гадоў. Ці адчуваюць беларусы аптымізм у сувязі са станоўчай навіной высвятляла Вольга Чайчыц.

Сям’я Бойкаў гадуе дваіх дзетак. Старэйшаму Богусю – чатыры, Мірону – два гады. Усе гаспадарчыя патрэбы сямʼя аплачвае сама, а за грошы, якія на дзяцей выдзяляе дзяржава, набываюць цацкі, кнігі, лекі ці нешта смачнае для дзетак. З 1-га лютага купіць такіх тавараў яны змогуць больш: выплаты на дзяцей да 3-х гадоў у Беларусі павысяць.

«Я ўвогуле ўсе гэтыя сумы так разлічваю, што мы зможам на тры кнігі больш набыць ці на чатыры. Самі грошы, як бы не сказаць, што яны сурʼёзныя, але ўсё ж такая дапамога, якая цяпер нам вельмі неабходная», – кажа Аляксандра Падкапаева-Бойка.

Рост выплатаў у краіне павысіцца ад 33-х да сарака двух рублёў у залежнасці ад віду дапамогі. На першае дзіця дапамога складзе каля трохсот шасцідзесяці двух рублёў, на другога і наступных – 414 рублёў. У апошні раз дапамогі на дзяцей падвышалі паўгода таму. Тады – на 17–21 рубель. Наталля Рабава, дырэктарка Школы маладых менеджараў «SYMPA»:

«Улічваючы, што ў мінулым годзе ў нас інфляцыя была прыблізна 6 %, то гэта хутчэй можна расцэньваць як кампенсацыю інфляцыі мінулага года, чым як нейкае рэальнае падвышэнне».

У Беларусі рост дапамогі прывязаны да сярэдняга заробку ў краіне за папярэдні квартал. Калі ён расце, то падымаюць і дапамогі, калі зніжаецца – то выплаты на дзяцей застаюцца ранейшыя. Сярэдні заробак у канцы года склаў амаль 1036 рублёў.

«Вы ведаеце, заработная плата можа і павышаецца, але не тымі тэмпамі, якімі падвышаецца бюджэт. Колькі мы зараз выдаткоўваем на адукацыю дзяцей, харчаванне – яно адзін аднаго не даганяе».

«Недастаткова. Ну што вы ў Беларусі не жывяце тут, не бачыце коштаў? Дзіця вырасціць каштуе даражэй, чым самаму апрануцца, паесці, звадзіць у развівальныя ўстановы, гэта ж усё каштуе – да стаматолага завядзіце дзіцё».

«За ростам коштаў, вядома, так не паспявае, як хацелася б, але калі падымаюць, а не зразаюць, гэта ідзе да лепшага», – кажуць жыхары Менску.

Памер выплатаў на дзіця пераглядаюць толькі двойчы на год. Таму наступнага павышэння можна чакаць толькі ў жніўні.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu