Аб'ектыў 05.10.2018 Ці праўда, што ва Украіне можна памерці, калі не звярнуцца да доктара па-ўкраінску?


«Закон аб мове павялічыць колькасць сепаратыстаў у Харкаве і Адэсе», «Украіна спрабуе прыняць фашысцкі закон», «Ва Украіне можна памерці, калі не звярнуцца да доктара па-ўкраінску», «Змярканне розуму. Узгонка нянавісці», «Закон аб украінскай мове пісалі немцы Трэцяга Райху для габрэяў». Гэтак расейскія і прарасейскія медыі рэагуюць на новы моўны законапраект, прыняты Вярхоўнаю Радай Украіны ў першым чытанні.

Яўген Лапін, дэпутат Вярхоўнае Рады:

«За невыкананне закону прадугледжаная адказнасць. Калі яе няма, то гэта не закон, а дэкларацыя. Таксама мы ўлічылі сітуацыю, якая склалася ў выніку ўжо прынятых законаў: Закону аб адукацыі (мы прадугледзелі пяцігадовы пераходны перыяд для школаў, бо экзамены трэба будзе здаваць толькі на ўкраінскай мове) і Закону аб СМІ, які прадугледжвае квоту 75 адсоткаў трансляцыі на ўкраінскай мове».

Згодна з Законам аб забеспячэнні функцыянавання ўкраінскае мовы як адзінай дзяржаўнай, толькі на ўкраінскай мусяць весці справы чыноўнікі – ад сельскага галавы да прэзідэнта. Па-ўкраінску павінны выдавацца прынамсі 50 адсоткаў кніг і гучаць 90 % фільмаў. За парушэнне закону арганізацыя заплаціць штраф – ад трохсот да чатырохсот долараў. За абразу ўкраінскае мовы будзе пагражаць да 3 гадоў турмы. Сачыць за выкананнем будзе адмысловы ўпаўнаважаны. Расейскія медыі чакана заяўляюць аб русафобіі, але нават у расейскамоўным Харкаве большасць ставіцца да закону з разуменнем.

Жыхары Харкава:

«Я на ёй не размаўляю. Валодаю, але не размаўляю. Лічу, што гэта дрэнна. Калі мы ўкраінскую мову зараз увядзем ва ўстановах, то людзі пачнуць паволі яе вывучаць, і яна ўвойдзе ў нашае жыццё».

«Я супраць, я нарадзіўся ў СССР і ўвогуле гэтага падзелу не разумею».

«Лепш увесці другую дзяржаўную мову – расейскую на гэтай частцы. Бо прынамсі тут большасць размаўляе па-расейску».

«Стаўлюся пазітыўна, бо мы жывем ва Украіне, і кожны, хто тут жыве, мусіць валодаць гэтай мовай, таму я «за».

Украіна – не адзіная краіна, у якой звярнуліся да больш жорсткіх захадаў, каб абараніць нацыянальную мову. Сёлета ў красавіку прэзідэнт Латвіі падпісаў закон, згодна з якім адукацыя ў старэйшых класах будзе весціся толькі па-латышку. Заканадаўчыя нормы для абароны нацыянальнай мовы балтыйскія краіны прынялі яшчэ ў пачатку 90-х. У спадчыну ад СССР гэтым краінам засталіся значныя расейскамоўныя меншасці: 10 адсоткаў у Літве і траціна насельніцтва ў Латвіі ды Эстоніі.

Ігар Случак, ініцыятыва «Права на мову», Менск:

«Менавіта такі выбар прывёў да таго, што гэтыя мовы сёння развіваюцца. У той жа час, у гэтых краінах не забаронена адкрываць прыватныя школы на мовах нацыянальных меншасцяў. Нягледзячы на тое, што эстонцаў – усяго мільён, на іх мове можна атрымаць паслугі, прэсу, адукацыю».

Да чаго прывяло двухмоўе ў Беларусі, у сваім профілі ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» паказвае Юрый Данец. 6 заняткаў расейскае мовы ды літаратуры супраць аднаго ўроку беларускае мовы – на тыдзень. Вітаем у беларускай школе! Цяжка ўявіць, але на ўвесь амаль трохсотвасьмідзесяцітысячны Магілёў у беларускамоўных класах вучацца тры асобы, дзве – у другім класе і адна – у 9-м! А ў трохсотсямідзесяцітысячным Віцебску па-беларуску ўвогуле не навучаецца ніхто. Жыхары Гомля:

«Беларуская мова – народная, кожны мусіць ведаць».

«Трэба паціху на беларускую мову пераходзіць, але пакінуць трэба абедзве, так будзе зручней».

«Мы не ўсе добра ведаем беларускую мову, хоць я нарадзілася тут і жыву, і вітаю тых, хто на мове размаўляе. Але рана, спачатку трэба вывучыць яе, а пазней – надаваць статус».

«Не трэба азірацца на Украіну, трэба проста рабіць беларускую адзінай дзяржаўнай мовай, як гэта было да 1995 года».

Беларусь – адзіная постсавецкая краіна, якая на рэферэндуме 1995 года зрабіла расейскую мову дзяржаўнай. У выніку сёння па-беларуску гавораць менш за чвэрць беларусаў – удвая менш, чым 20 гадоў таму, у два разы, да 13 адсоткаў, скарацілася і колькасць вучняў, якія атрымліваюць адукацыю на роднай мове. Такі вось постсавецкі феномен.

Ігар Кулей, Алесь Папко, belsat.eu

Фота: ITAR-TASS / Maria Frolova / FORUM

Глядзі таксама
Каментары