Ці пойдзе беларускі спорт на каранцін?

Еўрапейскі футбол пастаўлены на паўзу – у Старым свеце засталося толькі сем краінаў, якія не перарвалі ўнутраных спаборніцтваў праз пандэмію «CoVID-19». Сярод іх – Расея, Украіна і Беларусь. Прычым калі нашыя паўднёвыя суседзі прынамсі праводзяць матчы без заўзятараў на трыбунах, то ў Беларусі ды Расеі такога абмежавання пакуль няма.

На беларускіх стадыёнах панікі няма. Ніхто не носіць масак, усе спакойна паціскаюць рукі. Выглядае на тое, што беларусы сапраўды не баяцца каронавіруса. Збольшага пацвердзіла такое назіранне і нашае апытанне.

«Ну, я б на футбол хадзіў. Я не перажываю з гэтай нагоды».

«Адкрытыя стадыёны. Свежае паветра. Людзі ходзяць пешшу. Чаму не?»

«Не думаю, што ёсць нейкая небяспека. Нічога сурʼёзнага. Не лічу, што варта нешта скасоўваць».

«Дарэмна людзі баяцца. Не трэба нічога баяцца. Здаровы лад жыцця, добрае харчаванне, вітаміны – і не будзе ніякай хваробы!»

«Я літаральна 5 дзён таму прыехаў з Нямеччыны. У мяне шмат сяброў і ў Дортмундзе, і ў Дусэльдорфе. Там таксама перажываюць наконт гэтай хваробы, але яны супраць таго, што чэмпіянат скасавалі».

«Ну, я думаю, у свеце не дурні жывуць. Мабыць, сапраўды гэта нечым абгрунтавана. Думаю, у аўторак прымуць пастанову ўсё спыніць», – кажуць футбольныя заўзятары.

Сапраўды, 17 сакавіка УЕФА правядзе онлайн-канферэнцыю з усімі нацыянальнымі футбольнымі федэрацыямі. Чакаецца, што яе галоўным вынікам стане перанос «Еўра-2020». А вось адносна ўнутраных турніраў кожнай краіны УЕФА можа толькі даваць рэкамендацыі, але не забараняць іх правядзенне. І ў Беларусі футбольны сезон пакуль не прыпынены. Трэнеры і гульцы каментуюць сітуацыю вельмі неахвотна.

«Не гатовы гэтага каментаваць. У кожнага чалавека тут ёсць сваё меркаванне, але я чалавек публічны і не хацеў бы яго агучваць», – бянтэжыцца галоўны трэнер БАТЭ Кірыл Альшэўскі.

«Я не ведаю ўсёй «паднаготнай», не магу зразумець маштабаў гэтай катастрофы. Таму не магу гаварыць на гэтую тэму», – зазначае яго калега з менскага «Дынама» Сяргей Гурэнка.

«Я не хачу каментаваць гэтага. Але сапраўды, не ўсё добра», – дадае нападнік берасцейскага «Дынама» Арцём Мілеўскі.

На выходных у Салігорску, Барысаве ды Менску адбыліся чвэрцьфінальныя матчы Кубка Беларусі. 19 сакавіка запланаваны старт чэмпіянату. Але галоўнае слова – «запланаваны». Імавернасць пераносу першых тураў досыць высокая.

«Мы ў гэтым упэўненыя, што так і будзе. Здароўе ўсё роўна важнейшае. Калі забароняць гуляць, то мы, вядома, не будзем гуляць», – кажа Павел Рыбак, гулец клубу «Іслач».

А трэнер гэтай жа каманды Віталь Жукоўскі зазначыў, што гатовы прыняць любое рашэнне:

«Трэба каранцін – значыць каранцін. Трэба гуляць – будзем гуляць. Але было відаць нават па гледачах, што іх стала менш, пачалі страхавацца».

«Першыя ластаўкі» магчымага спартовага каранціну ў Беларусі ўжо зʼявіліся. Матчы пад сваёй эгідай пастанавіла прыпыніць айчынная федэрацыя баскетболу. Таксама Міністэрства спорту і турызму рэкамендавала скасаваць усе дзіцячыя і юнацкія спаборніцтвы да 6 красавіка.

Дзяніс Ганчарэнка, «Белсат»

Глядзі таксама