Ці патрэбная будзе беларуская вакцына праз два гады?


Беларуская вакцына паводле прагнозаў Акадэміі навук з’явіцца прыкладна праз два гады. Ці не запозна?

Лекар Уладзімір Пруднікаў лічыць, што праблема каронавіруса, магчыма, будзе яшчэ актуальная.

«Любая краіна дзеля сваёй бяспекі, у тым ліку біялагічнай, павінна мець свае распрацоўкі біялагічных прэпаратаў, у прыватнасці вакцынаў».

Бюджэт на распрацоўванне айчыннай вакцыны не мае перакрочыць пяць мільёнаў рублёў. Праца над расейскім прэпаратам «Спутнік V», якім беларусаў пачнуць прышчапляць ужо налета, каштавала прыкладна ў 10 разоў болей. Беларусь стала першаю краінаю, дзе зарэгістравалі расейскі сродак. Падчас клінічных даследаванняў «Спутніка» ў Беларусі прышчапілі 100 добраахвотнікаў.

«Тыя дзелавыя стасункі з Расейскай Федэрацыяй маюць, магчыма, тут сваё лобі. І, канечне, магчымасці, што патрапяць заходнія вакцыны сюды, выключаць нельга», – разважае Уладзімір Пруднікаў.

Пра якасць будучай беларускай вакцыны казаць, натуральна, рана, затое недавер сярод выпадковых суразмоўцаў у Віцебску ўжо ёсць.

«Ну, няма ўпэўненасці».

«Калі яна пройдзе ўсе тэсты і будзе запатэнтаваная, то чаму не? У нас нядрэнныя лекі».

«Не ведаю, пад сумневам. Гэта не так проста распрацаваць, разумееце, з бухты-барахты».

«Давяраем сваім лекарам, сваёй Рэспублікі».

Масавую вакцынацыю распачынае Еўразвяз, які ў панядзелак зарэгістраваў вакцыну ад кампаніяў Pfizer і BioNTech.

«Як мы і абяцалі, гэтая вакцына будзе дасяжная для ўсіх краін ЕЗ адначасова, на адных і тых жа ўмовах. Я заўсёды казала, што мы перажываем гэтую пандэмію разам. Такім чынам, вакцынацыя ў Еўрапейскім Звязе можа пачацца адначасова, 27, 28 і 29 снежня», – паведамляе прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Масавая вакцынацыя гэтым прэпаратам ужо распачалІся ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Брытаніі, ЗША і Канадзе. Аднак улады Вялікай Брытаніі заклікалі, каб людзі з вострымі алергічнымі рэакцыямі не выкарыстоўвалі вакцыну Pfizer/BioNTech. У першы дзень дзве асобы з сотні прышчэпленых адчулі праблемы.

«Калі мы іх правакцынуем без умоваў, проста, як трэба, пад адзін грэбень, могуць узнікнуць ускладненні. Пра гэта і пішацца, што правакцынавалі столькі – выйшлі такія і такія ўскладненні. Значыць, не было правільнага агляду, не было збору анамнезу перад працэдурай. Вось я да гэтага і заклікаю, каб вакцынацыя адбывалася згодна з правіламі», – кажа алерголаг і імунолаг Алег Назар.

Тым часам каронавірус дацягнуўся і да Антарктыды, якая заставалася адзіным кантынентам без гэтай інфекцыі. Паводле прэс-службы пятага вайсковага дывізіёну на чылійскай даследчай базе пазітыўны тэст атрымалі 36 чалавек. Усіх заражаных ізалявалі на поўдні Чылі.

У свеце зарэгістравалі амаль 78 мільёнаў выпадкаў каронавіруса. Інфекцыяй заразіўся прыкладна кожны соты жыхар нашае планеты.

Дзіяна Раткевіч, belsat.eu