Аб'ектыў 12.07.2019 Ці падаражэе шэнген, а калі так, то чаму?


Плаціць за шэнгенскія візы не 60, а ўжо 80 еўраў – з такою перспектывай сутыкнуцца нашыя грамадзяне, калі Менск і Брусель не ўвядуць у дзеянне пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму. На працэдуру ў Еўразвязу і Беларусі засталося ўсяго паўгода.

Шэнгенскія візы падаражэюць да 80 еўраў ужо 2 лютага. Папраўкі ў візавы кодэкс сёння апублікавалі ў «Афіцыйным часопісе Еўрапейскага Звязу». Брусель хоча даць грамадзянам магчымасці падаваць візавыя заяўкі праз інтэрнэт. Для апрацоўвання заявак Еўразвяз заахвочвае консульствы наймаць вонкавых падраднікаў. Алічбоўванне каштуе грошай.

Для грамадзянаў краінаў, з якімі падпісаныя дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму, цэны застануцца ранейшымі – 35 еўраў. Такія пагадненні маюць Расея, Азербайджан, Арменія. А ў нас такой дамовы няма.

Дамова ўзгодненая і гатовая да падпісання – заяўлялі нядаўна як міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей, гэтак і старшыня прадстаўніцтва Еўразвязу ў Менску Андрэа Віктарын. Але дакумент трэба яшчэ ратыфікаваць – папярэджвае палітолаг даследчыцкага цэнтру EAST Андрэй Елісееў:

«Калі мы паглядзім на Арменію, Азербайджан, то звычайна праходзіла яшчэ дзесьці паўгода на ратыфікацыю пасля падпісання».

Калі дакумент падпішуць у кастрычніку, то ў жыццё ён увойдзе толькі ў сакавіку – прагназуе палітолаг. Тады 2–3 месяцы нам прыйдзецца плаціць за візы па 80 еўраў.

«Што датычыць грамадзянаў Беларусі, як яны выязджалі за 40, так як выязджалі за 60, так сама будуць выязджаць за 80 еўраў. Для тых, хто выязджае, прынцыпова сітуацыя не памяняецца. Асабліва з улікам таго, што польскае і літоўскае консульствы апошнім часам выдаюць візы не на год, а на большы перыяд часу», – каментуе палітолаг Вольга Харламава.

Ці запрацуе пагадненне да таго, як візы падаражэюць? Аператыўнага адказу з прадстаўніцтва Еўразвязу ў Менску нам атрымаць не ўдалося. Беларусы плацяць за запаветны шэнген больш за ўсіх ва Усходняй Еўропе, але застаюцца сусветнымі лідарамі паводле колькасці атрыманых шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва. Навошта нашыя грамадзяне масава ездзяць у Еўразвяз? Запыталіся мы ў жыхароў Віцебску:

«Каб пабачыць свет! У адной краіне жыць нудна!»

«У мяне дачка жыве за мяжой, і ўнучка, і зяць».

«Паглядзець нешта новае, цікавае, чаго няма ў нас, пазнаёміцца з новымі людзьмі, адчуць новыя эмоцыі».

«Прадукты, тавары, а таксама хутчэй за ўсё адпачынак».

Дамова аб спрашчэнні візавага рэжыму, хоць і са спазненнем, але мае высокія шанцы набыць моц. Аднак Менск і Брусель усё яшчэ не маюць іншага надзвычай важнага пагаднення – Дамовы аб супрацы.

Прадстаўніцтва Еўрапейскага Звязу ў Беларусі:

«[…] Цвёрдыя крокі ў кірунку дэмакратыі і правоў чалавека застануцца галоўнымі фактарамі, якія будуць вызначаць палітыку Еўразвязу ў дачыненні Беларусі. Таму заключэнне дамовы паміж ЕЗ і Беларуссю адбудзецца, калі гэта дазволяць палітычныя ўмовы. Падпісанне Прыярытэтаў партнёрства будзе першым крокам у гэтым кірунку».

А вось рабіць першы крок, то бок падпісаць дакумент аб сферах супрацы з Еўразвязам, не дае Літва, якая не жадае мець ля сваёй мяжы Астравецкую атамную электрастанцыю – зазначае палітолаг Андрэй Елісееў. Такім чынам, Менск стаіць перад выбарам: або АЭС, або сяброўства з Еўропай.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары