Ці навялі ў Менску парадак?


Больш за 40 менскіх двароў увайшлі ў спіс тэрыторыяў, дзе неабходна было ўзмацніць кантроль і цягам сямі дзён навесці парадак.

Інспектар па сталіцы Аляксандр Барсукоў указ кіраўніка краіны паабяцаў выканаць. Быў распрацаваны цэлы спіс захадаў для навядзення парадку на тэрыторыях, цытата, «схільных да ўплыву дэструктыўна настроеных грамадзянаў».

Адным з такіх апальных двароў стала гэтак званая плошча Праўды. Некалькі дзён таму камунальнікі зафарбавалі мурал з гербам Пагоня, але жыхары з такім рашэннем не пагадзіліся. Цягам усяго тыдня камунальнікі ў суправаджэнні міліцыі зафарбоўвалі нацыянальную сімволіку, здымалі сцягі, руйнавалі мемарыялы. Але ўзорнага парадку не атрымалася.

«Ну, таму, што людзей больш, тых, каго хвалюе будучыня, каго хвалюе справядлівасць. Таму, калі б гэта былі тры чалавекі на раён, вядома, зафарбавалі і нічога б не з’явілася», – кажуць менчукі.

«Праз тое, што большасць людзей не падтрымлівае гэтых уладаў, узнікае падобнае грамадзянскае непадпарадкаванне ўнутры самога народу».

«Гэта звычайна – даваць невыканальныя з пункту гледжання маралі і нормаў права абяцанні».

«Мы выступаем за праўду, супраць гвалту, за свабоду, за дабро. А ўсё, што яны ўвасабляюць, Барсукоў з яго камандай, – гэта тыповая хлусня і гвалт».

Не зважаючы на захады камунальнікаў, вечарамі ў розных частках гораду ўзнікаюць мемарыялы, людзі выходзяць у свае двары са сцягамі, зноў малююць муралы. За перашкоду ў навядзенні парадку Барсукоў паабяцаў нават крымінальную адказнасць.

«Я баюся, я думаю, вельмі многія баяцца. Але запалохаць людзей, як раней, ужо нельга», – кажуць менчукі.

«Я думаю, ужо не запалохаеш. Людзі мацнейшыя сталі, больш згуртаваныя, глядзяць на ўсё па-іншаму».

«Мы назіраем нараджэнне нацыі, нейкі праход падлеткавага перыяду, вывучаная бездапаможнасць, якая ў нас была, паступова знікае».

«Мы перайшлі той рубеж, калі нас можна чымсьці запалохаць, і такія запалохванні носяць нелегітымны характар, яны не вартыя нічога».

За час навядзення ўзорнага парадку былі затрыманыя некалькі асобаў. Некаторыя з іх – адміністратары дваровых чатаў. Самыя ж гэтыя чаты перайшлі пад кантроль невядомых ды змянілі аватаркі на дзяржаўныя герб ці сцяг. Рэпрэсіі маюць і адваротны бок, на які не разлічваюць улады, адзначае сацыёлаг.

«Хвалі рэпрэсіяў павышаюць значнасць нашых дзеянняў у нашых вачах. Кожны крок, які, здавалася б, павінен сцішыць пратэсты, запужаць людзей ці прымусіць іх не рабіць таго, што яны робяць, выклікае адваротную рэакцыю і толькі актывізуе тыя формы дзеяння, на якія больш ціснуць», – кажа сацыёлаг Аксана Шэлест.

Спробы навесці ў Менску парадак трываюць. Сёння на вядомай плошчы Пераменаў, дзе забілі Рамана Бандарэнку, перафарбавалі бела-чырвоныя лаўкі.

Алена Дубовік, Белсат