Ці можна мыць рукі няправільна?


Навошта мыць рукі і як правільна гэта рабіць? Пра падставы гігіены штогод 15 кастрычніка нагадвае Генеральная Асамблея ААН у гэтак званы Дзень чыстых рук. Яго мэта – сфармаваць у людзей добрую звычку. Ці заўсёды пра мыццё рук дбаюць беларусы?

Здавалася б, што складанага: мыем рукі пасля прыбіральні і перад кожным прыёмам ежы. Але не. Як падлічылі ў даследаванні ААН, толькі палова мужчынаў і тры чвэрці жанчын не лянуюцца трымацца гэтага правіла. А такая простая захада ратуе перад самымі непрыемнымі хваробамі. Кшталту кішачных інфекцыяў, адру, краснухі ды іншых.

Андрэй Вітушка, дзіцячы доктар:

«Ад дыярэі, асноўнай праявы кішэчнай інфекцыі, штогод паміраюць сотні тысяч дзяцей. Гэта збольшага тычыцца не нашага рэгіёну, а паўднёвых краінаў, але тым не менш. Таму мыццё рук – гэта мерапрыемства, якое не толькі дазваляе захаваць жыццё, але і захаваць здароўе».

Але нават калі мыем рукі рэгулярна, то далёка не заўсёды правільна. Леташнія звесткі амерыканскага Міністэрства сельскай гаспадаркі выявілі, што толькі тры адсоткі мыюць рукі правільна і рэгулярна. У Беларусі такіх даследаванняў не праводзілі, таму аддаём голас сталічным мінакам:

«Калі моцна галодны дахаты прыходзіш, то бывае і не паспяваеш. То бок, не памыеш, сядзеш есці, а пасля ўзгадаеш».

« – Пасля чаго яшчэ ты мыеш рукі?

– Часам, пасля цацак. Або калі маці хачу дапамагчы з ежай».

«Як правіла, пытанне не ў адсутнасці часу, а ў адсутнасці магчымасці. Напрыклад, няма мыла ў грамадскай прыбіральні, ці яшчэ якія ўмовы, якія не дазваляюць вымыць рукі пэўным чынам».

«Я ўсё жыццё прапрацаваў кіроўцам. І каб чыстыя рукі заўсёды, то не заўсёды. Ну як вам сказаць? Бывае і так і гэтак. Як вось цяпер, бачыце, я з гаража. Я памыў, але рукі могуць быць крыху бруднаватыя».

Грошы, мабільнікі, дзвярныя ручкі – самыя брудныя на сёння прадметы, з якімі кантактуе сучасны гарадскі чалавек. Асаблівую ўвагу рукам варта аддаваць людзям, якія маюць хатніх гадаванцаў. Да прыкладу, у майго Люціка доўгая поўсць, якая чапляе на сябе шмат пылу. Мыць рукі патрэбна пасля кожнага кантакту з жывёлінай!

Як ні дзіўна, у асноўную групу рызыкі ўваходзяць ня толькі дзеці, якіх бацькі не навучылі мыць рук пасля двара ды перад ежай, але і офісныя працаўнікі. Андрэй Вітушка, дзіцячы доктар, тлумачыць:

«Паводле даследавання навукоўцаў, большай рызыцы падвяргаюцца людзі, якія працуюць у памяшканнях. Не тыя, якія працуюць на вольным паветры. Такія самыя праблемныя месцы ў офісах у плане забруджанасці – гэта выключальнікі, гэта ручкі дзвярэй, асабліва ручкі дзвярэй, якія вядуць у прыбіральню, таксама паверхні сталоў і тэлефоны».

Мы таксама працуем у офіснай прасторы, таму абавязкова прытрымаемся рэкамендацыяў доктара. Рукі трэба мыць з мылам у цёплай вадзе не менш за 10-15 секундаў, а выціраць найлепш аднаразовымі папяровымі ручнікамі. І ўвага: спачатку выціраем рукі, а пасля тою ж сурвэткаю закручваем кран! Прытрымлівайцеся простых правілаў гігіены і будзьце здаровыя!

Таццяна Уласенка belsat.eu