Ці магчыма прыцягнуць сілавікоў да адказнасці?


Больш за тысячу заяваў аб збіцці сілавікамі падалі грамадзяне ў Следчы камітэт Беларусі – выніку няма. Цяпер беларускія арганізацыі выходзяць на міжнародны ўзровень, у тым ліку штаб Святланы Ціханоўскай, які падаў першую заяву ў Генпракуратуру Літвы.

«Пры злачынствах супраць чалавецтва абвінавачаны падвяргаецца адказнасці, нягледзячы на ягонае грамадзянства і нягледзячы на месца пражывання. Гэта так званая ўніверсальная крымінальная адказнасць», – паведамляе адвакат Гіедрус Данелюс.

Гіедрус Данелюс займаецца заявай на расследаванне збіцця сілавікамі прадпрымальніка Максіма Харошына.

«Літоўскае заканадаўства ўжо разглядае працэс так званай «in absentia», калі абвінавачаны не ўдзельнічае ў працэсе», – працягвае Гіедрус.

Такія заявы штаб Ціханоўскай рыхтуе ў Польшчы, Нідэрландах, Бельгіі ды Нямеччыне. Спадзяюцца на дасудовае расследаванне, якое перайшло б у суд і скончылася б абвінаваўчым выракам. У Вільні ўжо створаны каардынацыйны цэнтр універсальнай юрысдыкцыі.

«Пачнуцца расследаванні злачынстваў, якія былі здзейсненыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў, так званых, на тэрыторыі Беларусі. Пачнем з пары выпадкаў. Потым будзем пашыраць расследаванне», – распавядае Святлана Ціханоўская.

Раней Святлана Ціханоўская выступала за тое, каб прызнаць ГУБАЗіК і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі, а таксама абвяшчала «Народны трыбунал». Пакуль што абодва крокі на сілавікоў не паўплывалі.

На што разлічвае штаб Ціханоўскай, робячы ў рамках «Народнага трыбуналу» чарговую спробу прыцягнуць сілавікоў да адказнасці? Запыталіся ў прадстаўніка штабу Святланы Ціханоўскай Аляксандра Дабравольскага.

«Усе людзі, якія займаюцца катаваннямі, гвалтам і пабоямі грамадзян Беларусі, будуць высветленыя ў перспектыве, змешчаныя ў міжнародны вышук – значыць, зʼявяцца ў спісах Інтэрполу, яны павінны пра гэта ведаць».

Абʼяднаная Еўропа таксама выказваецца супраць гвалту ў Беларусі. Новым крокам стала рэзалюцыя Еўрапарламенту, у якой у адным з пунктаў прапісаны заклік да ЕЗ падтрымаць міжнароднае расследаванне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць беларусаў.

«Пытанне аб спыненні гвалту – яно, мякка скажам, наіўнае, таму што беларускія ўлады ніколі не рэагавалі на санкцыі. Тым больш беларускія ўлады не будуць рэагаваць на заклікі і рэзалюцыі», – лічыць палітолаг Вольга Харламава.

Зʼяўляецца інфармацыя пра ўсё больш фактаў гвалту з боку міліцыянтаў. Сёння абʼяднанне былых сілавікоў «By_Pol» апублікавала відэа, на якім бачна, як збівалі затрыманых у аўтазаках.

А за гэта ўлады іх узнагароджваюць. Ініцыятыва апублікавала і імёны сілавікоў, якіх 24 лістапада адзначылі падзякамі, медалямі і грашовымі прэміямі. Толькі ўзнагароджаныя сваімі дасягненнямі дзеляцца неахвотна – баяцца згубіць ананімнасць.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Бахвалава («Белсат»), Дар’я Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY). Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх. Куды пісаць:

  • Кацярына Бахвалава: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
  • Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
  • Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!