«Я не вораг уласнаму народу і сам сабе перш за ўсё. Я хачу, каб у маёй краіне было ціха і спакойна», – сказаў сёння Лукашэнка.
«Перагарнуць старонку»: гэткая тэза з’явілася ў яго рыторыцы, якую ён працягнуў і сёння, наведваючы холдынг «Гарызонт».
«Асноўны ўнёсак у эканоміку акурат робяць маладыя, адукаваныя жыхары вялікіх гарадоў, то бок тыя, хто складалі аснову так званых пратэстуноў. То чаму б у іхны бок не зрабіць нейкага рэверансу? Хаця практычна гэта не значыць нічога», – лічыць палітолаг Сяргей Нікалюк.
У той самы час штодня працягваюцца рэпрэсіі. Прысуды паводле крымінальных справаў, палітычныя вязні, арышты, затрыманні, катаванні ды смерці – гэтак прайшоў 2020-ты.
У першы дзень 2021-га быў падпісаны ўказ аб абвяшчэнні яго Годам народнага адзінства з мэтай абʼяднаць беларусаў.
«Рэальна ж нашае грамадства падзялілася на тых, у каго нельга кінуць стаканчыкам і сарваць балаклаву, за гэта ў нас гады даюць, і на тых, у каго можна страляць. Страляць за тое, што яны мэтанакіравана стаяць перад міліцыяй», – каментуе Сяргей Нікалюк.
А ці вераць у «перагортванне старонкі» беларусы? Мы апыталі жыхароў сталіцы:
«Можна з чыстага аркуша пачаць, але каб яго ў выбарах не было, і ўсё».
«Не можа быць усё забытае».
«Немагчыма гэта, бо Лукашэнка не працуе на беларускі народ».
«Наўрад ці народ забудзецца пра тое, што было ў жніўні».
«Ужо людзі папросту не вераць у такія перамены разам з ім, бо 26 гадоў».
Гэты год, нягледзячы на святочны перыяд, пачаўся з новых рэпрэсіяў. На больш як два гады абмежавання волі за паклёп асудзілі Рамуальда Улана. Тры асобы трапілі пад адміністратыўны арышт. Сем чалавек атрымалі штрафы.
Дзіяна Раткевіч, «Белсат».