Аб'ектыў 25.06.2017 Ці крута быць маладым у Беларусі?


25 чэрвеня – святочная дата ня толькі для выпускнікоў універсітэтаў. Адзначаць сённяшні Дзень моладзі можа кожны пяты жыхар нашай краіны. Толькі, падобна, беларускія маладзёны не маюць асаблівай нагоды для радасці.

«Хацелася б канешне, больш даступных месцаў працы Моладзь была б задаволеная. І прыбытковую аплату. І можна было б не з’язджаць з краіны», – дадае іншая.

Заставацца ў Беларусі заклікаў маладзёнаў на балі выпускнікоў і кіраўнік краіны, абяцаючы падтрыманне з боку дзяржавы.

«Памятайце, вы патрэбныя Беларусі, таму што тут ваш дом. Мы чакаем ад вас актыўнага прыкладання сіл і намаганняў. Заўжды дапаможам і падтрымаем. Я вам зычу на кожным кроку вашага жыцця рабіць правільныя крокі і рабіць іх своечасова», – загадаў нядаўна кіраўнік Беларусі.

Але некаторым маладзёнам на іхным шляху дзяржава ставіць падножкі. Гэтак, Крысціяна Шынкевіча ўвесну адлічылі з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту за ўдзел у акцыях пратэстаў і абарону Курапатаў.

«За гэта я на соднях быў і штраф атрымаў, і АМАП затрымліваў, а зараз увогуле адлічаны», – распавядае моладзевы актывіст Крысціян Шынкевіч.

Ня стаў на бок маладзёна і суд, пра навучанне ва ўніверсітэце давялося забыць. Цяпер жа замест паклікання – працы педагогам, Крысціян працуе ў салоне сувязі.

«Мне ўжо напрасткі кажуць з БДПУ, дзе я навучаўся, некаторыя настаўнікі і іншыя людзі кажуць, што ў Беларусі я ўжо ў чорных спісах на адукацыю», – кажа Шынкевіч.

Ціск зазнаюць не толькі студэнты, але і маладыя спецыялісты, што працуюць па размеркаванні. Актыўным людзям з апазіцыйнымі поглядамі пагражаюць звальненнем, што акрамя страты месца цягне за сабою і фінансавыя наступствы.

«Людзі павінныя паводзіць сябе спакойна, лагодна, тым больш што размеркаванне каштуе вельмі дорага, і калі цябе звольняць, то гэта каштуе шалёныя грошы, нават большыя, чым калі б ты вучыўся платна 5 год ва ўніверсітэце на платным аддзяленні», – тлумачыць Ігар Мурашка з юрыдычнай кансультацыі «Студэнцкая рада».

Моладдзю паводле заканадаўства лічацца людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года. Пасля гэта на плечы ўчорашніх маладзёнаў кладуцца праблемы дарослых людзей.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары