Аб'ектыў 17.09.2019 Ці інтэграцыя з Расеяй і вяртанне ў Беларусь амбасадара ЗША – звязаныя рэчы?


Канец 11-гадовага дыпламатычнага канфлікту. ЗША і Беларусь вяртаюць амбасадараў. Адпаведную заяву зрабіў намеснік дзяржсакратара Злучаных Штатаў Дэйвід Гэйл, які прыехаў у Беларусь з афіцыйным візітам.

Аналітыкі лічаць аднаўленне дзяржаўных прадстаўніцтваў і гатовасць абмяркоўваць зняцце санкцыяў важнымі аспектамі ў дачыненнях краінаў, але ёсць яшчэ і іншая мэта, якую пераследуюць бакі.

«Закрыць гэтую старонку нядобрую і распачаць з новай старонкі нашыя стасункі», – прапаноўваў некалькі тыдняў таму Аляксандр Лукашэнка дарадцы прэзідэнта Трампа.

А сёння Менск наведвае намеснік дзяржсакратара ЗША Дэйвід Гэйл – з гістарычнаю заявай.

«Я хацеў бы перадаць прывітанне ад дзяржсакратара, які папрасіў мяне прыехаць, каб прысутнічаць на важным гістарычным моманце нашых двухбаковых адносін. Пасля нашай сустрэчы мы зробім аб’яву, што будзем абменьвацца пасламі па заканчэнні такой колькасці гадоў без паслоў», – заявіў Дэвід Гэйл, намеснік дзяржсакратара ЗША.

Дыпламатычны разрыў паміж Менскам і Вашынгтонам трываў 11 гадоў. Пасля ўвядзення ЗША эканамічных санкцыяў супраць Беларусі (за палітычных зняволеных) Менск адклікаў свайго амбасадара з Вашынгтону і «папрасіў» амерыканскага. Узнаўленне стасункаў вялося ў апошнія 2 гады.

Валер Кавалеўскі, Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне, Вашынгтон:

«Вярнуць амбасадараў – гэта адно, а іншая справа, чым будуць займацца амбасады на месцах. Амерыканцаў цікавіць, канешне, што будуць рабіць іхныя дыпламаты ў Менску. Ці дадуць ім больш прасторы, чым гэта было раней?»

Пра абмен пасламі заявілі, значыць, межы актыўнасці амбасады ЗША абазначылі. Яе дзейнасць дасць магчымасць Беламу Дому лепш арыентавацца ў сітуацыі ў Беларусі «і не толькі» – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка:

«Прыемна вас бачыць тут, не толькі ў Беларусі, але і ва Усходняй Еўропе. Я з задавальненнем хачу адзначыць, што гэта сведчанне таго, што ЗША нарэшце звярнулі ўвагу не толькі на Еўропу ў цэлым, але і на Беларусь».

Пра Усходнюю Еўропу кіраўнік краіны згадаў не здарма. Экс-намеснік дзяржсакратара Уэсс Мітчэл казаў пра вяртанне ЗША ў рэгіён дзеля стрымання захопніцкай палітыкі Расеі ў дачыненні суседзяў. Анексія Крыму, гібрыдная агрэсія на Данбасе, а цяпер – неадназначная з пункту гледжання экспертаў інтэграцыя Расеі з Беларуссю…

«Кропкі апоры, пры дапамозе якой можна супраціўляцца расейскаму ціску, сапраўды беларускі бок шукае. Шукае гэтых кропак і ў Еўропе, у Кітаі, на Блізкім Усходзе і ў ЗША, зразумела, таксама», – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Узнавіць дыпламатычную прысутнасць ЗША гаспадар менскай Адміністрацыі вырашыў пасля скарачэння Масквой субсідыяў, а ў званы забіў, калі Масква запатрабавала ўзмацнення інтэграцыі.

«Той ціск, які цяпер Расея ладзіць на Беларусь, і актывізацыя адносінаў з ЗША – звязаныя рэчы», – дадае Валер Карбалевіч.

Адначасна Беларусь спрабуе шукаць новых пастаўляльнікаў нафты і новых рынкаў для айчынных тавараў. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Ніхто не скрывае, што Расея – наш асноўны рынак рэалізацыі прадукцыі. На жаль, мы дыверсіфікуем, але павольна».

Палепшыць эканамічны ды інвестыцыйны клімат можа і яшчэ адна навіна з сённяшняе сустрэчы: ЗША гатовыя абмяркоўваць поўнае зняцце санкцыяў з Беларусі.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары