Ці чакаць беларусам эканамічнага цуду ў новым годзе?


Новы год – гэта не толькі прыемныя клопаты, але і безліч выдаткаў.

І хаця абяцаны ўладамі заробак $ 500 гэтак і застаўся марай у годзе, што сыходзіць, беларусы ж сустракаюць новы, 2018-ты, традыцыйна з размахам.

На чым даводзіцца эканоміць беларусам, а на чым не, у паслясвяточныя дні? Адказы за навагоднім сталом шукала Таццяна Белашова.

Падарункі, упрыгожанні, святочны стол і забавы: каб адолець усе гэтыя выдаткі ды не зацягваць пасу ў студзені, трэба пачаць рыхтавацца да святкавання Новага года ў кастрычніку. Такі падыход выкарыстоўвае шматдзетная маці Кіра, каб зрабіць паўнавартаснае свята ўсёй сям’і.

«Паколькі частку прадуктаў і падарункаў я набывала загадзя, частка падарункаў была самаробная, гэта дазволіла нам зэканоміць на выдатках на калядныя і навагоднія святы. І таму наступныя месяцы, студзень, наш бюджэт моцна не адрозніваецца», – распавядае Кіра Макавецкая.

Традыцыйна самы затратны артыкул навагодніх выдаткаў сям’і з некалькімі дзецьмі – падарункі. Арыгінальны падарунак – шар на ялінку з выяваю Пагоні дыяметрам 100 міліметраў, прысвечаны 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі, – можна набыць у краме «Symbal.by».

Выдаткі на святкаванне Новага года:

Падарункі – BR 200

Унёскі на свята ў садок ці школу – BR 30

Навагодні стол – BR 130

Святочныя ўпрыгожанні – BR 60

Паходы ў тэатр і на ялінку – BR 70

Усяго – BR 490

«Яны таксама зроблены ўручную і ўвесь тыраж іх склаў 35 штук. Таму гэта такія калекцыйныя будуць шары», – распавядае пра арыгінальны падарунак загадчыца крымы «Symbal.by» Яна Медзвядок.

Не дачакаўшыся і ў гэтым годзе абяцаных прэзідэнтам пяцісот долараў, апытаныя намі жыхары Менску тым не менш не шкадуюць грошай на святкаванне Новага года.

За 11 месяцаў гэтага года сярэдні заробак па краіне склаў амаль 800 рублёў. Каб дасягнуць тысячы, заробкі трэба падняць яшчэ на 20 %. Пры гэтым рост ВУП у 2017-ым годзе ледзь сягае 2 %. А таму пасля штучнага ўпрыгожання навагодняе статыстыкі, эканоміка Беларусі, імаверна, пакажа свой сапраўдны твар.

«2017 год вельмі ясна паказаў, што эканоміка не верыць ніякім заклінанням. І таму, калі ў 2018 годзе рэформаў не будзе, то і ў гэтым годзе мы такога заробку не дачакаемся. Наша беларуская эканоміка не можа вытрымаць заробак больш чым $ 300-350», – мяркуе эканаміст Леў Марголін.

Дасягнуць шматкроць абяцаных $ 500 спрабуюць усімі метадамі. Напрыканцы лістапада адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску нават загадала прадпрыемствам давесці сярэдні заробак да Br 1500 за кошт навагодніх прэміяў. Але пасля 31-га снежня беларусаў, імаверна, чакае расчараванне.

Таццяна Белашова, belsat.eu