«Цешымся тым, што ёсць». Менск адсвяткаваў Дзень Волі


Пасля суботняга канцэрту ў Горадні эстафету святкавання 101-х угодкаў утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі прыняў Менск.

Улады забаранілі святкаванне Дня Волі ў цэнтры сталіцы, таму мітынг-канцэрт вырашылі перанесці сюды, у Кіеўскі сквер. Пляцоўка дазваляе прыняць найбольшую колькасць людзей. І сёння тут пабывалі каля трох тысячаў чалавек. Для ўдзельнікаў свята разгарнулі кірмаш, фуд-корты і дзіцячыя пляцоўкі. Але цэнтральнае месца – канцэрт з удзелам беларускіх гуртоў.

«Я ўвогуле здзіўлены, што хоць неяк дазволілі адзначаць гэтае свята. Радуемся таму, што ёсць», – кажа Юрый Стыльскі з «Дай Дарогу!», які ўчора таксама выступіў у Горадні.

Рэпартаж Таццяны Уласенкі з Кіеўскага скверу глядзіце ў поўным выданні навінаў за 24 сакавіка

Арганізатары імпрэзы – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Грамада і Правацэнтрысцкая кааліцыя. Фармат свята амаль новы, але праблемы і заклікі – звыклыя.

«Беларусаў душаць падаткамі, кантрактамі, штрафамі, саджаюць у турмы за палітычныя перакананні. І ў гэтым стане галоўнае, што мусіць гучаць ад беларускага дэмакратычнага руху, – гэта адзінства», – кажа Павел Севярынец, сустаршыня «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі».

«Чакаецца, што будзе вельмі добрае свята. А палітычны кантэкст яго нікуды не дзенецца. Бо мы гаворым пра незалежнасць, а сёння для незалежнасці Беларусі існуюць пагрозы. Мы скажам усё, што трэба рабіць у дадзеных умовах», – кажа Юрась Губарэвіч з руху «За Свабоду».

Другі год запар Дзень Волі наведваюць абаронцы асуджаных за наркотыкі – Рух маці 328, якія выступаюць за змяншэнні тэрмінаў зняволення, за амністыі ды супраць міліцэйскіх правакацыяў.

«Сёння мы таксама сабраліся выказаць сваю волю на гэты дзень, мы хочам перагляду заканадаўства па артыкуле 328, з першай і па пятую частак, абавязкова зараз дзяржаве праявіць акт гуманнасці, то бок, пашыраную амністыю», – кажа ўдзельніца руху Ларыса Жыхар.

Чаму ў гэты вясновы дзень важна быць тут, кажуць наведнікі свята:

«Выдатнае надвор’е, выдатны дзень, святочная музыка».

«Ужо не першы раз калі мы наведваем гэтае мерапрыемства ўсёй сям’ёй, гэта мой брат, мае дзеткі, побач ёсць мая матуля, цёця, для нас гэта вельмі важны дзень, гэта пачатак нашай дзяржаўнасці».

«Для мяне гэта знакавая дата. Гэта сімвал незалежнасці Беларусі, не той Беларусі, якую дэманструюць дзяржаўныя тэлеканалы, а сапраўднай, дэмакратычнай».

«Я заўсёды думаў па-беларуску. А тут – беларусы, тут мае сябры».

«Я першы раз прыйшоў на падобнага роду мерапрыемства. Каб паказаць, што існуе шмат людзей, не згодных з бягучымі справамі ў нашай дзяржаве».

Сцэна па чарзе прымае музыкаў, палітыкаў і актывістаў. Сустаршыня хрысціянскіх дэмакратаў Павел Севярынец ды актывіст Зміцер Дашкевіч заклікалі падтрымаць курапацкую варту, бо напярэдадні свята вандалы зноў апаганілі мемарыял.

Дашкевіч таксама заклікаў павіншаваць за святам, цытата, «шунявак, ціхароў, імханетаў і самазванца» – а ў выніку быў затрыманы. Падчас імпрэзы міліцыянты затрымалі яшчэ некалькі чалавек, але неўзабаве адпусцілі.

З гадамі мяняюцца пляцоўкі, фармат свята, і палітычны кантэкст у залежнасці ад падзеяў у краіне і свеце. Але нязменнымі ды актуальнымі застаюцца бел-чырвона-белы сцяг і лозунг, які прагучаў на Усебеларускім з’ездзе 1917 года: «Жыве Беларусь!»

Таццяна Уласенка, «Белсат»