Цэнам забаранілі расці


Дэфіцыту тавару пакуль няма, моцнага росту коштаў таксама, але ўлады ўжо рыхтуюцца да такога сцэнара. Савет міністраў прыняў пастанову, паводле якой цэны не павіныя расці больш як на паўадсотка ў месяц. Дагэтуль раслі і цэны і курс валютаў. Да чаго ж рыхтавацца беларусам?

Усё менш і менш важыць беларускі рубель. Амерыканская і еўрапейская валюты ідуць угару. Долар сёння можна было набыць не танней чым за 2 рублі 60 капеек, а еўра каштавала пакупніку не менш як 2 рублі 84 капейкі. Што мяркуюць жыхары Маглёва?

«Ён ужо мусіў вырасці рублёў да 35. Проста яго, напэўна, штучна стрымлівалі».

«Беларускі наш бяднее, далей усё больш і больш бяднее».

«Будзе падаць далей».

«У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне можа быць і дэфолт».

За тры першыя месяцы года сярэдні курс долара вырас на 22,74 %. Ці працягнецца падзенне нашай нацыянальнай валюты? Якім можа быць курс долара да канца года? Мы запыталіся ў эканаміста Сяргея Жбанава:

«Самы дакладны адказ на гэтае пытанне вам далі б у Цэнрабанку Расеі. Чаму? Бо ён рухаецца роўна ў тых жа прапорцыях і ў той жа дынаміцы, як, уласна, расейскі рубель. Калі курс расейскага рубля ўпадзе ў адносінах долара да 90 рублёў, тады так, ён ушчыльную падыдзе да трох нашых. Я маю на ўвазе абменны курс прыёму».

Беларусы, навучаныя жыццёвым досведам, ужо ведаюць, да чаго можа прывесці падзенне рубля:

«Наш рубель абясцэньваецца. Адпаведна, кошт усіх тавараў і паслуг павышаецца, і на рэальную заработную плату мы можам дазволіць сабе па мінімуме».

«Працэнтаў на 30-40 вырастуць кошты, будзе, канечне, цяжка, беспрацоўе, напэўна, ізноў пачнецца».

«Ад пенсіі да пенсіі ледзь хапае. Нават адчуваеш: зайшоў у краму – прадукты «Рост коштаў будзе адназначна: на прамтавары, на імпартныя тавары».

Ведаюць пра гэта і ўлады нашай краіны. Гэтак, Савет Міністраў выдаў пастанову аб часовых захадах для стабілізацыі сітуацыі на спажывецкім рынку, якая мае стрымаць рост коштаў.

«Чым гэта заканчваецца? Навука дакладны дае адказ: калі доўга гэтым займацца, стрымліваннем коштаў, то тавар знікае і наступае дэфіцыт», – лічыць эканаміст Сяргей Жбанаў.

Ці гатовыя жыхары нашай краіны зацягнуць паясы? Што будуць рабіць, калі, напрыклад, увядуць каранцін? На колькі часу хопіць ашчаджэнняў?

«Якія ашчаджэнні? Якія ашчаджэнні?»

«На тыдзень… заробкі вельмі маленькія».

«Не надоўга, таму што двое дзяцей».

«Падушка ёсць, усё будзе добра».

«Толькі што выйшаў з банку – узяў крэдыт жонцы на лекі».

«Ненадоўга, таму што ад заробку да заробку»

«Прыкладна на 2 месяцы, не больш».

«Тыдні на 2, напэўна».

А на колькі ў краіне хопіць харчоў? Пра наяўнасць некаторых з іх улады паклапаціліся: забаранілі на тры месяцы вывозіць з нашай краіны грэчку, цыбулю і часнык.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Фота: Ірына Арахоўская