Аб'ектыў 15.10.2018 Царква раскалваецца, а Патрыярх адгароджваецца ад вернікаў


Ізноў горача паміж Кіевам і Масквой. Ізноў, паміж імі Менск, які з міратворчай рыторыкай спрабуе зарабіць палітычныя дывідэнды.

Кіраўнік Беларусі перад паседжаннем лідараў РПЦ быў нейтральным, выказваў перажыванні за раскол і працэсы ў праваслаўі. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Вы павінны ведаць нашую непахісную дзяржаўную пазіцыю, што раскол – гэта заўсёды кепска… Таму мы вельмі балюча ставімся да таго, што адбываецца сёння ў праваслаўі».

Але наперадзе быў яшчэ Сінод. Днямі ў Менску Патрыярх Кірыл анансаваў жорсткі адказ афіцыйнаму Кіеву.

«Мы ведаем, як ворага чалавечага апалчыўся на праваслаўную царкву».

Сёння Патрыярх больш усміхаўся, але чым больш зацягвалася абвяшчэнне рашэнне сінода, тым менш было надзеі на мірны сыход канфлікту. У выніку раскол засведчаны афіцыйна. Аляксандр Волкаў, прэс-сакратар:

«Раскол ёсць раскол. І лідары расколу такімі застаюцца».

У Свяшчэнным сінодзе няма ніводнага выхадца з Беларусі. Але расеец, кіраўнік беларускай філіі РПЦ, адзначыўся рэверансам Менску – Мітрапаліт Павал падарыў Лукашэнку перакладзены на беларускую мову Новы запавет.

Пётра Рудкоўскі, Інстытут стратэгічных даследванняў «BISS»:

«Беларуская праваслаўная царква застаецца ў межах Рускай, але яна мае сваю культурную, нацыянальную спецыфіку. Гэта і свае сімпатыі да беларускай нацыянальнай ідэі, і такі доўгі досвед камунікацыі з католікамі, і ў прыватнасці з заходнімі каштоўнасцямі».

І першы такі экзамен па каштоўнасцях ужо заўтра. Святар Свята-Міхайлаўскага праваслаўнага сталічнага прыходу Аляксандр Шрамко адзін з нямногіх, хто не баіцца публічна абмяркоўваць праблемы царквы.

Падчас візіту Патрыярха, айцец Аляксандр у сваім блогу не хаваў расчараванне, што Уладыка адгароджваецца ад вернікаў ахоўнікамі, на службе ў храме Ўсіх Святых былі толькі абраныя. Адкрытай публічнай сустрэчы з вернікамі Патрыярх Кірыл так і не правёў.

Аляксандр Шрамко, Свята-Міхайлаўскі прыход, Менск:

«Уся гэта сістэма аўтакефаліі перажыла сябе. Яна засталася ў сярэдніх вяках, дзе дзяржава і царква – гэта нешта адзінае. Зараз – гэта рознае. Мы жывём у цывільным грамадстве, дзе ёсць розныя рэлігіі і канфесіі, дзе яны маюць роўныя правы. Павінны мець».

Праз свае публічныя рэфлексіі айцец Аляксандр атрымаў вусную забарону на службу, і заўтра мае быць агучанае афіцыйнае рашэнне што да яго перспектываў у лоне праваслаўнай царквы. І пытанне, хто будзе прымаць рашэнне па святару – Менск ці Масква?

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары