Сёння на месцы гібелі Міхася Жызнеўскага пабывалі беларускія добраахвотнікі з Данбасу і ўкраінскі прэзідэнт Пятро Парашэнка разам з жонкаю.
Трагічныя падзеі ўкраінскай рэвалюцыі адбыліся роўна тры гады таму. З таго часу на вуліцы Грушэўскага ў цэнтры Кіева лунае беларускі нацыянальны сцяг.
«Жызнеўскі – герой. Быўшы ў Кіеве я адчуваю абавязак прыйсці і аддаць яму даніну павагі», – кажа беларускі добраахвотнік «Зубр».
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка пасмяротна ўзнагародзіў Міхаіла Жызнеўскага Ордэнам Герояў Нябеснай Сотні, а летась у лютым украінскі ўрад прызначыў пажыццёвую стыпендыю ягоным бацькам. У трэцюю гадавіну гібелі беларуса Пятро Парашэнка прыехаў да помніку Жызнеўскаму з кветкамі, каб ушанаваць ягоную памяць.
Ушанавалі памяць героя і ў Беларусі. На месцы пахавання Міхаіла Жызнеўскага ў вёсцы Сцяг Працы пад Гомлем сабраліся некалькі дзясяткаў асобаў, у тым ліку і ягоныя бацькі Ніна ды Міхаіл.
«Вядома сніцца Міша, я кожны дзень з ім размаўляю, бачу ў сне яго маленькага», – кажа Ніна Жызнеўская, маці Міхася.
Куля снайпера абарвала жыццё беларуса 22 студзеня 2014 года. Міхаіл Жызнеўскі не дажыў 4 дні да свайго 26-годдзя, ён стаў другой ахвярай, забітай на Еўрамайдане ў Кіеве.
Летась на «Белсаце» прэзентавалі дакументальную стужку «Жызнеўскі. Воін святла».
Аркадзь Несцярэнка