Аб'ектыў 20.07.2019 Тры гады мінула, але імя забойцы Паўла Шарамета дагэтуль не вядомае


Кіеў, скрыжаванне вуліцаў Івана Франка і Багдана Хмяльніцкага. На гэтым месцы тры гады таму а 7:45 узарвалася машына, якою кіраваў беларускі журналіст Павел Шарамет. Але імя забойцы невядомае да сёння.

Машына, куды была закладзеная выбухоўка, належала ўласніцы выдання «Українська правда» і грамадзянскай жонцы Шарамета Алене Прытуле. Даведаўшыся пра трагедыю, Прытула патэлефанавала галоўнай рэдактарцы «Українськай правды». Сеўгіль Мусаева была на месцы праз 15 хвілінаў.

«Праз тое, што машына стаяла на скрыжаванні, утварыўся корак, і мне давялося бегчы туды ад Нацыянальнай оперы. Калі я дабегла, я ўбачыла машыну Алены, хуткую і саму Алену з народным дэпутатам, журналістам Мустафой Наемам», – узгадвае Сеўгіль Мусаева, галоўная рэдактарка выдання «Українська правда».

На трэцюю гадавіну забойства тут ізноў – блізкія і калегі Шарамета. І нязменнае пытанне: «Хто забіў Паўла?» Сёлета ў траўні генпракурор Юрый Луцэнка ізноў заявіў пра значны прагрэс у расследаванні, аднак абышоўся без канкрэтыкі. Дагэтуль няясна, забілі Шарамета праз ягоную журналісцкую дзейнасць ці асабісты канфлікт, ці ёсць у забойства расейскі след, і ці ўвогуле замоўца планаваў забіць Паўла, або мішэнню была ягоная жонка ды ўласніца аўта.

«Кіраўнікі міністэрстваў, прэзідэнт казалі, што гэта справа гонару – расследаваць злачынства, але па выніку годнасць выявілася ганьбаю, калі самі журналісты, расследвальнікі выявілі дадатковыя факты, дадатковыя відэакамеры, чалавека, магчыма, звязанага з украінскімі спецслужбамі, які сачыў за Шараметам», кажа Сяргей Таміленка, нацыянальнае таварыства журналістаў, Украіна.

Павел Шарамет ва Украіне жыў з 2012 года, вёў тэлевізійныя і радыёэфіры, раскрываў карупцыйныя схемы, каментаваў палітычную сітуацыю, друкаваўся ў выданні «Українська правда».

«У яго не было працоўнага месца, ён прыходзіў і сядаў на любое вольнае месца. Ён вельмі любіў тое, чым займаўся, неістотна, што гэта было – інтэрв’ю, прэс-канферэнцыя. Ён з задавальненнем хадзіў на ўсе прэс-канферэнцыі, браў каментары. Вучыў нашых карэспандэнтаў, рэпарцёраў, як трэба працаваць», – кажа Сеўгіль Мусаева, галоўная рэдактарка выдання «Українська правда»..

Аднак унёсак Паўла Шарамета не абмяжоўваецца Украінаю. Дагэтуль жыве створаны ім праект «Белорусский партизан», дакументальныя фільмы, кнігі, што агаляюць праўду пра беларускую ды расейскую рэчаіснасць, дапаможнік па журналістыцы.

«Павел Шарамет, на мой погляд, быў адным з самых яркіх беларускіх журналістаў, які многае ў нас у краіне рабіў упершыню. Упершыню з ягонай тэлевізійнай праграмы «Праспект» мы бачылі, што навіны пра палітыку могуць быць цікавымі, упершыню ён рабіў эксперыменты на беларуска-літоўскае мяжы, калі там былі яшчэ дзіры, і ён, як журналіст, прайшоў праз гэтую мяжу, і потым апынуўся ў турме. Упершыню ён сам адмовіўся працаваць з рэжымам», – распавядае Святлана Калінкіна, журналістка, сяброўка Паўла Шарамета.

Раскрыццё забойства Шарамета былы прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка называў справаю гонару праваахоўнікаў і абяцаў пасадзіць злачынцаў. Сёння новы прэзідэнт Уладзімір Зяленскі патрабуе ад праваахоўнікаў новай справаздачы і дае тры дні на рыхтаванне.

Адэля Дубавец belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары