Труцілі і хлусілі: у Нёман несанкцыянавана злівалі нафтапрадукты


Была чыстая вада, у якой вадзіліся нават ракі, аднак улетку гарадзенскі Нёман апынуўся непрыдатным для насельнікаў вадаёму. Рыба папросту выскоквала з вады і памірала на беразе. Прычынай масавага мору апынулася зусім не гарачае надвор‘е, як меркавалася раней, а забруджанне нафтапрадуктамі. Якую небяспеку хімічнае рэчыва нясе для прыроды і чалавека? Ды хто вінаваты ў здарэнні?

Гэтак выглядалі ваколіцы Гарадзеншчыны напрыканцы чэрвеня. Вада ў Нёмне зацягнулася плёнкай, а мёртвая рыба пакрыла 20-метровы адцінак берагу.

«Рыбы вельмі шмат было і смурод быў. А ад чаго?» – кажа жыхар пасёлку Берагавы.

Сярод магчымых прычынаў эколагі называлі дзейнасць браканьераў, кіслароднае галаданне рыбы з-за гарачага чэрвеня, і – сцёк хімічных рэчываў. Эколагі заўважылі ў вадзе цёмную субстанцыю, што дзень не адмывалася ад рук, але і не мела характэрнага хімічнага паху. Пазней на беразе з‘явіліся кавалкі мікрапластыку.

«Мікрапластык небяспечны тым, што ніводная сістэма ачышчальных збудаванняў яго не можа проста ўлоўліваць. Мікрапластык перамолваецца на мелкую фракцыю на камянях і пачынае трапляць у ваду, пачынае трапляць у арганізм жывёлы, разам з ежай трапляе ў арганізм чалавека», – кажа старшыня грамадскага аб‘яднання «Экаманіторынг» Яўген Філімонаў.

Лабараторныя даследаванні паказалі, што ў ваду трапілі нафтапрадукты. Гарадзенская інспекцыя прыродных рэсурсаў пацвердзіла, што зліў у ваду – несанкцыянаваны.

«Што гэта можа быць і чыя гэта віна, мы атрымаем адказ ад нашага раённага камітэту прырода аховы. Яны займаюцца гэтым пытаннем, распачаты адміністратыўны працэс па нашым звароце», – мяркуе старшыня грамадскага аб’яднання «Экаманіторынг» Яўген Філімонаў.

Крыніцаю забруджання сталася ліўневая каналізацыя, расследаванне інцыдэнту працягваецца, а ваду на адцінку ракі ўдалося ачысціць.

Юлія Лабанава belsat.eu